Урад Расеі абмяркуе пагадненне па авіябазе ў Беларусі, якая «замацуе расейскую вайсковую прысутнасць у рэгіёне»


Дакумент пра расейскую авіябазу, як сцвярджаюць аўтары ініцыятывы, будзе спрыяць арганізацыі сумеснай аховы вонкавай мяжы саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы.

Урад Расеі на пасяджэнні ў сераду абмяркуе прапанову прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну падпісаць Пагадненне паміж Расеяй і Беларуссю аб расейскай авіяцыйнай базе на беларускай тэрыторыі, паведамляе прэс-служба Кабінету міністраў. падае ria.ru.

«Падпісанне пагаднення будзе садзейнічаць арганізацыі сумеснай аховы вонкавай мяжы саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў паведамленні.

Як паведамляе прэс-служба Кабміну РФ, пагадненне таксама доўгатэрмінова замацуе расейскую вайсковую прысутнасць у рэгіёне і будзе садзейнічаць умацаванню яго бяспекі.

Раней планаванай датай стварэння базы ў Беларусі называўся 2015 год. Дагэтуль у Беларусі была толькі расейская вайсковая тэхніка.

Нядаўна ў Менску адбылася акцыя супраць размяшчэння ў Беларусі расейскіх вайсковых баз.

МЯ, паводле ria.ru

Стужка навінаў