Упершыню ў гісторыі: Самалёт узляцеў з авіяносца з дапамогай электрамагнітнай катапульты

video

Выкарыстанне электрычнасці дазваляе ашчадзіць месца, вагу і энергію карабля.

Самалёт першы раз у гісторыі падняўся ў паветра з авіяносца праз электрамагнітную катапульту, паведамляе французская газета «L’Opinion», спасылаючыся на відэа, што з’явілася на Youtube. Ролік быў зняты на борце найноўшага амерыканскага авіяносца Gerald R. Ford, які сам пачаў актыўную службу ў моры толькі 22 ліпеня 2017 году. Зараз авіяносец выпрабоўваецца каля берагоў ЗША ў Атлантыцы.

Узлёт і пасадка знішчальніка на борт Gerald R. Ford з дапамогай электрамагнітных сістэм

Авіяносцы класу Ford – першыя ў свеце, якія маюць не паравыя, а электрамагнітныя сістэмы запуску і пасадкі самалётаў. Лічыцца, што выкарыстанне не пару, а электрычнасці дазваляе зэканоміць месца, вагу, энергію карабля. Таксама электрамагнітныя катапульты цалкам падкантрольныя спецыялістам – у выніку авіяносец можа лёгка запускаць у паветра і больш цяжкія, і больш лёгкія, чым звычайна, крылатыя машыны.

У сувязі з гэтым з борту авіяносцаў папярэдняга класу Nimitz, напрыклад, не маглі паднімацца некаторыя тыпы беспілотнікаў.

 

F/A-18F у паветры над USS Gerald R. Ford

Таксама электрамагнітныя катапульты абяцаюць быць больш бяспечнымі і надзейнымі, чым паравыя, а за кошт магчымасці рэгуляваць моц запуску – будуць зніжаць нагрузку на планёры лятальных апаратаў, падаўжаючы тэрмін іхнай службы.

Як працуе электрамагнітная катапульта

Катапульта, якая стаіць на USS Gerald R. Ford называецца Электрамагнітная сістэма запуску лятальных апаратаў – Electromagnetic Aircraft Launch System (EMALS) і была вырабленая амерыканскай карпарацыяй General Atomics. http://www.ga.com/general-atomics-celebrates-navy-commissioning-of-uss-gerald-r-ford

Малюнак лінейнага індукцыйнага матору катапульты EMALS

EMALS уключае лінейны індукцыйны матор, які выкарыстоўвае магутны ток, каб стварыць магнітныя паля, якія запусцяць самалёт у паветра, кантрольныя сістэмы і вялікія батарэі, якія выкарыстоўваюцца для акумуляцыі электраэнергіі.

Справа ў тым, што нават атамны авіяносец не можа непасрэдна забяспечваць бесперабойную працу такой катапульты – батарэі зараджаюцца за 45 секунд, а потым выпускаюць патрэбную энергію за 2-3 секунды.

Што ў суседзяў

Маскоўскі флот хоць і мае больш-менш баяздольны авіяносец – «Адмірал Кузняцоў», – гэты карабель не мае магчымасці трымаць дастаткова шматлікую авіяцыйную групоўку. Акрамя таго, «Кузняцоў» не мае ніякай катапульты – ані паравой, ані тым больш наватарскай электрамагнітнай.

Замест катапульты на караблі стаіць трамплін, які дапамагае самалётам падняцца ў паветра. У выніку расейскім авіяканструктарам прыходзіцца ствараць самалёты са значна больш магутным рэжымам фарсажу – інакш яны проста не падымуцца ў паветра.

Авіяносец «Адмірал Кузняцоў»

Тым больш не могуць дзейнічаць з борта «Кузняцова» даволі цяжкія дальнія разведвальныя самалёты і самалёты дальняй радыёлакацыйнай разведкі і кіравання, важнасць якіх для дзеяння аўтаномнай марской авіягрупы ў акіяне цяжка пераацаніць – гэта вочы і вушы самалётаў і караблёў.

Пасля таго, як у Расеі ў апошнія годы пачаліся абмеркаванні стварэння паўнавартаснага авіяносца, сталі агучвацца ідэі паставіць на яго катапульты. У 2014 годзе паведамлялася, што Масква пачала распрацоўваць уласную электрамагнітную катапульту.

Будучыня электрамагнітнай катапульты

Акрамя авіяноснай катапульты General Atomics распрацавала і пачала выпрабоўваць зброю, якая дзейнічае па такім жа прынцыпе – электрамагнітную пушку ці рэйлган. 31 ліпеня кампанія заявіла, што адпраўляе рэйлган (ужо трэцяга пакалення) з магутнасцю 10 мегаджоўляў на стрэльбішча амерыканскіх сухапутных войск у штаце Юта.

Выпрабаванні электрамагнітнай пушкі General Atomics

Пушка разганяе снарад да хуткасці каля 7000 км у гадзіну і не патрабуе нічога, акрамя электрычнасці.

Сістэма названая «шматмэтавай сярэдняй дальнасці», заяўляецца, што яе можна будзе выкарыстоўваць як на зямлі, гэтак і на караблях.

Плануецца, што зброя такой хуткасці дапаможа пры абароне ад варожых самалётаў, ракет, зможа прабіць любы танк, і пры гэтым адзін стрэл будзе каштаваць у дзясяткі разоў меней, чым ракета.

Аляксандр Гелагаеў

Глядзі таксама
Каментары