Упершыню гісторыю земляў ад Партугаліі да Паволжа разгледзелі з беларускага пункту гледзішча


Выстава новых навучальных дапаможнікаў для беларускіх школаў і ліцэяў адбылася ў галерэі «Ў». Усяго было прэзентавана пяць кніг аўтарства беларускіх гісторыкаў і навукоўцаў.

«Падручнікі, якія мы сёння прадставілі, працягваюць традыцыю, якая была закладзена Беларускім гуманітарным ліцэем па стварэнню новага зместу ў гуманітарнай адукацыі. Нельга сказаць, што гэта новы погляд на гісторыю, але гэта альтэрнатыўны погляд», – заўважыў заснавальнік Беларускага гуманітарнага ліцэю Уладзімір Колас.

Паводле аўтараў, кнігі служаць дапаможнікамі не толькі школьнікам, але і ўласна настаўнікам, выкладчыкам ды студэнтам. Да прыкладу, кніга намесніцы кіраўніка Таварыства беларускае школы Тамары Мацкевіч «Медыяадукацыя ў школе, фармаванне медыяграматнасці вучняў».

«У свеце зараз ідуць інфармацыйныя войны. Медыі трэба заўсёды ацэньваць крытычна. І мы павінныя гэтаму навучыць і настаўніка, каб ён навучыў гэтаму вучняў», – падкрэсліла Тамара Мацкевіч.

Важна адзначыць яшчэ адную вельмі важную працу ў развіцці адукацыі Беларусі. Выйшла ў свет кніга старшыні Таварыства беларускае мовы, кандыдата гістарычных навук Алега Трусава «Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XV стагоддзяў». Гэты дапаможнік адрозніваецца тым, што ўпершыню гісторыю ад Партугаліі да Паволжа разгледзелі з беларускага пункту гледзішча.

«Я спрабаваў даць розныя факты. Калі, дапусцім, расейская школа, я напісаў тыя версіі, пералічыў, якія ёсць у Расеі. Калі, напрыклад, паходжанне ВКЛ, я напісаў, як літоўцы ставяцца, як мы ставімся, як палякі ставяцца. То бок я стараўся даць нейкі абʼектыўны падыход», – адзначыў Алег Трусаў.

Сярод іншых, гісторык і навуковец Павел Церашковіч прэзентаваў «Геаграфію Польшчы беларускімі вачыма». Гэты дапаможнік – першы ды адзіны ў сваім родзе.

«Можна, канешне, узяць геаграфію Польшчы на польскай мове, але гэта напісана для палякаў – не для беларусаў. Для палякаў ёсць рэчы, якія яны разумеюць проста з дзяцінства, а нам гэта трэба тлумачыць і ёсць моманты, якія закранаюць нашую супольную гісторыю», – падкрэсліў Павел Церашковіч.

Вызначыўся сваёй працай і доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў. Ягоная кніга «Агляд гісторыі Беларусі з 1945-га года па сённяшні дзень» прызначаная выхаваць у сучасным грамадстве нацыянальную ідэалогію.

«Гэта павінна быць ідэалогія не якой-небудзь палітычнай партыі ці групы. Не той групы людзей, якая трымае ўладу і хоча абгрунтаваць сваю ідэалогію. Гэта ідэалогія павінна быць нацыянальнай. Нацыянальная дзяржава павінна мець сваю нацыянальную ідэалогію і ў гэтым кірунку выхоўваць сваіх грамадзянаў», – сказаў доктар гістарычных навук, прафесар Валянцін Голубеў.

Наклад падручнікаў невялікі. Але ўжо ў хуткім часе пазнаёміцца з імі можна будзе і ў інтэрнэце.

Кацярына Ерусалімская, «Белсат»

Стужка навінаў