Уолкер: канфлікт на Данбасе не будзе ўрэгуляваны і праз год


Канфлікт на Данбасе ў бліжэйшы час не будзе ўрэгуляваны, лічыць спецыяльны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША па пытаннях Украіны Курт Уолкер.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю амерыканскаму выданню Politico.

Паводле меркавання Уолкера, вельмі верагодна, што актыўныя ваенныя дзеянні будуць працягвацца ва Украіне і праз год:

«Я б сказаў, што верагоднасць гэтага 80%. Ёсць шанец, што гэта будзе не так, але найбольш верагодны сцэнар, што ўсё будзе працягвацца так, як цяпер».

Ён таксама нагадаў, што ў ходзе канфлікту на Усходзе Украіны загінула больш за 10 тысяч чалавек.

У інтэрвʼю Уолкер выказаўся ў падтрымку паставак зброі ЗША Украіне «для яе самаабароны ад Расеі», а таксама прыгадаў пра нядаўнюю сустрэчу з памочнікам Пуціна Уладзіславам Сурковым ў Белградзе. Зрэшты, амерыканскі дыпламат заявіў, што яна не прынесла ніякіх вынікаў, і ацаніў яе, як «крок назад».

Уолкер таксама ў чарговы раз падкрэсліў, што Расея павінна несці адказнасць за анексію Крыму. Ён адзначыў, што расейцы адмаўляюцца казаць пра Крым.

Па словах Уолкера, Вашынгтон падтрымлівае адпраўку міратворцаў на Данбас, але без людзей Расеі ў складзе місіі.

Дыпламат выразна адзначыў, што ЗША нацэлены на прагрэс у вырашэнні канфлікту ва Украіне.

Каментуючы пазіцыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, Уолкер сказаў:

«Я ведаю, чуў асабіста ад прэзідэнта, ён хоча гэтага. Ён хоча міру. Ён хоча бачыць, як Украіна верне свае тэрыторыі».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў