Уночы ў цэнтры Менску матацыкліст уцякаў ад ДАІ


Сыходзячы ад пагоні, матацыкліст разбіў матацыкл і трапіў у шпіталь.

Уночы 2 верасня на скрыжаванні менскіх вуліцаў Няміга і Гарадскі Вал даішнікі паспрабавалі спыніць матацыкліста на «Yamaha», але той не спыніўся і паехаў у напрамку праспекта Машэрава. Праехаўшы палову горада, ён накіраваўся ў бок Партызанскага праспекту.

Матацыкліст ехаў з перавышэннем хуткасці. Падчас пагоні ён выскокваў на тратуар і на сустрэчную паласу, праязджаў на чырвонае святло. Даішнікі пераследавалі яго, уключыўшы гукавы і светлавыя сігналы сіняга і чырвонага колераў.

«На скрыжаванні з вуліцай Чалюскінцаў з-за невыканання правілаў дарожнага руху [матацыкліст] трапіў у аварыю, у выніку якой атрымаў цялесныя пашкоджанні розных ступеняў цяжкасці і быў шпіталізаваны», – адзначылі ў сталічнай міліцыі.

Кіроўцам аказаўся 20-гадовы мянчук. «БелТА» падкрэслівае, што ён нідзе не працуе.

У міліцыі сцвярджаюць, што з моманту атрымання права кіравання транспартным сродкам ён неаднаразова парушаў правілы дарожнага руху. Гэтак, у 2016-м яго пазбавілі правоў на год пасля таго, як ён спрабаваў уцячы ад ДАІ. Два гады таму пагоня скончылася больш паспяхова: матацыкліста затрымалі на паркоўцы адной з менскіх крамаў.

ДД

Стужка навінаў