Універсітэцкі стадыён рамантавалі 9 месяцаў. І вось што атрымалася

Фота

На "новым" полі ўсталявалі старыя перакошаныя брамы

У Берасці завяршыўся рамонт стадыёну Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэту. Працы адбываліся цягам 9 месяцаў, але спартовы аб’ект з цяжкасцю нагадвае навабуд.

Працы па праекту і заказу ўніверсітэту праводзіла Дарожна-будаўнічае ўпраўленне №15, прадстаўнік якога распавёў Белсату, што яго арганізацыя на дадзены момант выканала ўсе абавязкі, які на сабе брала. Працы павіны былі скончацца да пачатку новага навучальнага году.

Пасля рамонту на полі ўкладзенае асфальтавае кола для бегу. А ўсярэдзіне ўкапаныя дзве старыя футбольныя брамы. Раней на гэтым месцы было звычайнае грунтовае поле.

Універсітэт ніякіх каментароў датычна будоўлі не дае, называе гэта ўнутранай справай ВНУ.

Берасцейскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт лічыцца адным з лепшых ВНУ краіны: паводле розных рэйтынгах ён займае 10-14 месца ў Беларусі, і ўваходзіць у 5000 найлепшых універсітэтаў свету. З беларускіх ВНУ толькі БДУ трапляе ў першую тысячу.

Студэнтамі берасцейскага тэхнічным універсітэту сёлета сталі 1355 асобаў. Апошнім часам ВНУ вельмі актыўна запрашае на вучобу замежных студэнтаў: тут навучаюцца грамадзяне Кітая, Егіпту, Судану, Іярданіі, Непалу, Нігерыі, Таджыкістана і іншых краінаў.

СА, Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары