Унікальны гарадзенскі некропаль – на онлайн-мапе і ў 3D

photo

Гарадзенскія гісторыкі і актывісты прэзентавалі онлайн-мапу Старых гарадзенскіх могілак, а некалькі адметных надмагільных помнікаў цяпер ёсць у 3D-мадэлях.

У 1792 годзе ў Горадні былі заснаваныя каталіцкія могілкі. Самы стары аб’ект, які захаваўся, адносіцца да 1799 году. Старыя гарадзенскія каталіцкія і праваслаўныя могілкі цікавыя яшчэ тым, што там пахаваныя славутыя гарадзенцы, як каралеўскі архітэктар Джузэпэ Сака, або Людамір Абрэмскі і іншыя ўдзельнікі паўстання 1863 года, знакамітая пісьменніца і грамадская дзяячка Эліза Ажэшка, генерал расейскай арміі і ўдзельнік вайны 1812 году Сяргей Ланскі, маці Максіма Багдановіча – Марыя Апанасаўна, паэт Міхась Васілёк, гарадзенскія мастакі, скульптары, прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі часоў Расейскай Імперыі і чынавенства часоў ІІ Рэчы Паспалітай.

Паводле мясцовых гісторыкаў, Старыя гарадзенскія могілкі неслі і нясуць страты: ад 2006 года шмат помнікаў было знішчана. Таму цяпер актывісты рыхтуюць заяўку на ўнясенне ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны шэрагу помнікаў.

Гарадзенскі некропаль каштоўны і значны для агульнаеўрапейскай культуры. Яго можна паставіць у адзін шэраг з могілкамі Росы ў Вільні і Лычакіўскім некропалем у Львове. Гісторык Андрэй Вашкевіч звяртае ўвагу, што Старыя гарадзенскія могілкі маюць вялікую мастацкую вартасць. Шматлікія надмагіллі былі па-майстэрску вырабленыя з розных матэрыялаў: пясчанік, чыгун, мармур і г.д. Усе помнікі маюць розныя стылі, кожны асобны помнік напоўнены сімвалізмам.

Буклет, анлайн-мапа і 3D-мадэлі – вынікі працы «Варштату ідэяў»

Падчас публічнай лекцыі, прысвечанай Гарадзенскаму некропалю, гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Таццяна Касатая распавялі аб крытэрыі, паводле якіх адбіралі помнікі, якія варта было б унесці ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны: гэта надмагіллі знакамітых людзей ды помнікі, якія добра захаваліся. Яны трапілі на віртуальную мапу, якую стваралі адмыслова для людзей, якія цікавяцца могілкамі. Стваральнікі адзначылі, што мапа будзе дапаўняцца новымі аб’ектамі.

У межах ініцыятывы «Варштат ідэяў» была распрацавана і папяровая мапа-буклет, дзе пазначаны самыя значныя і цікавыя помнікі.

Ігар Ламека, сябра «Варштату ідэй», гаворыць, што зрабіць 3D-мадэль помніка можа кожны, хто мае фотаапарат ды жаданне засвоіць праграму «123D Catch» ад «Autodesk». На сайце harodnia.com ужо размешчана некалькі 3D-мадэляў помнікаў і асноўныя інструкцыі, як зрабіць з дапамогай праграмы 3D-мадэль помніка могілак самастойна.

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары