Улюбёны афрадызіяк караля Сабескага можа трапіць на стол кожнага беларуса




У простых людзей з ліку нашых продкаў таксама былі свае афрадызіякі. І гэта не толькі хрэн, але і, напрыклад, печаны бурак з мёдам.

А вось кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян ІІІ Сабескі (1629–1696) меў свой спосаб на стварэнне рамантычнага настрою – архас. Гэта лёгкі дэсерт з малака, смятаны, яек, цукру, узбітых вяршкоў ды карыцы. Манарх ажаніўся па каханні з французскаю маркізай Марыяй Казімірай Луізай дэ Ла Гранж дАркʼен, таму сужэнскі абавязак выконваў з прыемнасцю.

Архас – адна з улюбёных страваў даследніцы беларускай кухні ды шэф-кухаркі Алены Мікульчык. Яна нават прынесла яго ў студыю праграмы «Прыват» Валярыны Куставай. І распавяла, як на кулінарных занятках рэцэпт выпытваў адзін беларус. А праз некаторы час напісаў, што ён… «не працуе». Што рабіць, каб эфект вас не расчараваў? Глядзіце ў відэа вышэй!

А рэцэпт мы падгледзелі на kyky.org

Для архасу вам спатрэбіцца:

1 літр малака,

1 шклянка ражанкі,

2/3 шклянкі смятаны,

4 яйкі,

½ шклянкі цукру,

узбітыя вяршкі,

карыца.

Жаўткі трэба аддзяліць ад бялкоў, бялкі ахалодзіць і ўзбіць у тугую пену, а жаўткі асобна ўзбіць з цукрам. У рондаль наліць малако, дадаць ражанку і смятану, добра перамяшаць. Потым асцярожна дадаць жаўткі і бялкі, паставіць на пліту і, пастаянна мяшаючы, на маленькім агні давесці да кіпення, каб малако звярнулася.

Атрыманую масу трэба зліць у палатняную сурвэтку, перавязаць яе і падвесіць у халодным месцы, каб вадкасць сцякла і архас астыў. Атрымаецца штосьці накшталт тваражку, але гэта параўнанне вельмі грубае: у нас проста няма нічога, што нагадвала б гэты смак. Застаецца раскласці архас у крэманкі, пасыпаць карыцай і ўпрыгожыць узбітымі вяршкамі.

А што Алена Мікульчык прыгатуе на вячэру? Глядзіце поўнае выданне «Прывату» Валярыны Куставай:

Праграму «Прыват» Валярыны Куставай глядзіце кожны аўторак а 19:00 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), а таксама, а таксама онлайн на нашай старонцы.

Ілюстрацыя на перадпраглядзе: партрэты Яна ІІІ Сабескага (мастак – Ежы Семігіноўскі-Элеўтэр) і каралевы Марыі Казіміры (мастак – невядомы, захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь), крыніца: wikipedia.org

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў