Улаховічу не падабаецца, што яго называюць «кішэнным палітыкам»


Кандыдат на прэзідэнта нават збіраецца даказаць, што гэта няпраўда. «Як можна мяне так называць. Ды ніяк», – заявіў Улаховіч у сваім радыёзвароце да выбарцаў.

«Да 11 кастрычніка я змагу даказаць, што выйшаў у кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь самастойна, пры дапамозе сваіх сяброў, маю на ўвазе ў партыі, казацтва, пры дапамозе людзей, з якімі я працаваў доўгія гады, я маю на ўвазе на прадпрыемствах», – заявіў Улаховіч у першым радыёзвароце да выбарцаў 25 верасня, паведамляюць naviny.by.

«На што я сам асабіста разлічваю? На вашу ўвагу і на ваш, як гаворыцца, голас і бюлетэнь, якім вы падтрымаеце Улаховіча Мікалая Дзмітрыевіча.

Я разлічваю на тое, што вы зразумееце, што вось у гэтай радыёперадачы або ў іншым месцы, дзе я буду выступаць, вы перад сабой убачыце чалавека, узбагачанага, так бы мовіць, вопытам жыццёвым і вопытам вытворча-гаспадарчай дзейнасці», – сказаў кандыдат.

«Я заўсёды быў, так бы мовіць, чалавекам з амбіцыямі. Гэта відаць, таму што пайшоў кандыдатам у прэзідэнты, так? Ну, натуральна, вось уявіце сабе, як можна мяне цяпер называць кішэнным палітыкам, нават пасля ўсіх маіх выказванняў, прапаноў, вось. Як можна мяне так называць? Ды ніяк нельга. Таму што я ўжо самастойны, дарослы чалавек са сваім бачаннем у гэтым жыцці».

Паводле кандыдата, ён шкадуе, што «не ўступаў у палітычную барацьбу». «Знаходзіўся, як гаворыцца, у стане вытворча-гаспадарчай дзейнасці і ніколі не задумваўся над тым, што вось абавязкова трэба ўдзельнічаць у гэтай справе….Вось цяпер разумею, што гэта была мая памылка як чалавека, як грамадзяніна нашай краіны, які не да канца выконваў свой канстытуцыйны абавязак», – заявіў палітык, які выйшаў са стану «вытворча-гаспадарчай дзейнасці».

ЮВ, belsat.eu, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары