Уладзіміру Някляеву – 70


Мабыць, толькі сапраўдны паэт нараджаецца шматкроць. Розныя крыніцы падаюць дзве даты дня народзінаў Уладзіміра Някляева: 9-га і 11-га ліпеня. Пакуль жа біёграфы спрачаюцца, паэт, якому сёлета споўнілася семдзесят, адзначае абодва святы ды яшчэ і дзень паміж імі.

УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, ПАЭТ, ПАЛІТЫК:

«Прайсці праз лёс нібы праз жыта

Праз поле, поўнае трысця

І зразумець, што ўсё пражыта

Спазнана ўсё – апроч жыцця»

А таму і апошняя кропка ў пошуках сэнсу жыцця яшчэ не пастаўленая. Хаця, здавалася б, паэта Някляева, які прысвяціў сваё жыццё айчыне, ведае ўся Беларусь.

ЭДУАРД АКУЛІН, ПАЭТ, БАРД:

«Постаць Уладзіміра Някляева ў сучаснай беларускай літаратуры папросту ўнікальная! Таму што ў сваёй творчасці ён здолеў абʼяднаць праўду паэзіі і праўду жыцця. Ягоныя радкі: «Калі пісаць, дык так пісаць, як бліскавіцу доўжыць бліскавіцай, як з вены ў вену кроў пераліваць – пісаць як спадзявацца і маліцца». – гучаць не як паэтычная біжэтэрыя але як творчае і жыццёвае крэда!»

Гэтае крэда, падмацаванае актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, і падштурхнула паэта ў палітыку. Як той прызнаецца, пайшоў вымушана, бо не мог больш трываць.

УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, ПАЭТ, ПАЛІТЫК:

«Новыя выбары без Лукашэнкі – вось адзінае патрабаванне, з якім мы будзем ісці далей!»

І хоць за свой персанальны выклік Лукашэнку ў 2010-м годзе Някляеў быў збіты да паўсмерці ды кінуты за краты, сваё змаганне за Беларусь ён працягвае. Як на палітычным фронце, гэтак і на паэтычнай ніве. Сёння ўвечары каля помніка Купалу ў Менску юбіляр збіраецца прэзентаваць дзве новыя кнігі. Не зважаючы на тое, што ўлады, якія раней выкінулі паэта са школьнай праграмы, публічнага чытання вершаў аўтарам у ягоны ж дзень народзінаў не дазволілі.

belsat.eu

Стужка навінаў