Уладзімір Япрынцаў: Мне вельмі шкада, што ўсё так атрымалася


Уладзімір Япрынцаў выйшаў на свабоду. Суд Цэнтральнага раёну сталіцы прызнаў былога кіраўніка службы бяспекі і суўладальніка кампаніі «Трайпл» вінаватым у загадзе не абяцаным укрывальніцтве – спробе перашкодзіць следству супраць ягонага сына Казбека – і пакараў штрафам 10,5 тысяч рублёў.

Казбек Япрынцаў і ягоны дзелавы партнёр Аляксандр Арабян атрымалі па 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за махлярства. Паводле суда, Япрынцаў-малодшы і Арабян у крытычным фінансавым стане пазычалі дзясяткі мільёнаў долараў, каб аддаць папярэднія пазыкі, але не збіраліся аддаваць грошы. Маладзёны кажуць, што страцілі сродкі, гуляючы на валютнай біржы.

ЮРЫЙ ШАРСНЁЎ, ДЗЯРЖАЎНЫ АБВІНАВАЎЦА:

«Прызначанае пакаранне – на тэрмін 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму – адпавядае прынцыпам прызначэння пакарання».

Падчас усяго працэсу ў зале суда было шмат сяброў Япрынцавых і Арабяна. Бізнес-партнёры, трэнеры, спартоўцы… Сёння некалькі спартоўцаў ледзь не пабіліся з журналістамі.

Юрыдычная абарона Япрынцавых працягне змагацца далей. Паводле адвакатаў, іх задаволіць толькі апраўдальны вырак.

СЯРГЕЙ БУЯКЕВІЧ, АДВАКАТ УЛАДЗІМІРА ЯПРЫНЦАВА:

«Вынікам задаволены з пункту гледжання таго, што суд прызнаў, што мой падабаронны не зʼяўляецца махляром, аб чым абарона з першага дня ўдзелу ў гэтым працэсе і заяўляла. З пункту гледжання кваліфікацыі дзеянняў, натуральна, мы не згодныя, бо гэта юрыдычная ацэнка, у якой мы разышліся з абвінавачаннем. Будзем у апеляцыйным парадку абскарджваць вырак».

Япрынцаў-старэйшы паабяцаў паразмаўляць з журналістамі пазней. Падчас суда ён заявіў, што не чакаў здрады ад свайго былога партнёра і сябра, кіраўніка кампаніі «Трайпл» Юрыя Чыжа. Менавіта алігарх Чыж, якога ў замежных медыях называюць «гаманцом Лукашэнкі», напісаў у КДБ заяву супраць Япрынцава. Ён жа падгаварыў зрабіць тое самае сваіх знаёмых, якія праходзяць у справе як пацярпелыя крэдыторы.

НАЦІК БАГІРАЎ, СЯБАР УЛАДЗІМІРА ЯПРЫНЦАВА:

«Не ведаю, што ўвогуле схіліла гэтых людзей звярнуцца ў кампетэнтныя органы, незразумела. Бо ўсё было нармальна, і ўсе дамоўленасці былі. Гэта, напэўна, нейкія падводныя плыні».

Япрынцаў-старэйшы цвёрда паабяцаў аддаць усе грошы, пазычаныя ягоным сынам Казбекам і Аляксандрам Арабянам. Пасля года за кратамі ён страціў мільёны долараў, а ягоная доля ў кампаніі «Трайпл» перайшла да расейцаў Іосіфа Аксенцьева і Міхаіла Маміяшвілі.

УЛАДЗІМІР ЯПРЫНЦАЎ, АСУДЖАНЫ БІЗНЕСОВЕЦ:

«Мне вельмі шкада, што ўсё так атрымалася».

І яшчэ адна дэталь да «падводных плыняў». Сярод барцоў і бізнесоўцаў на працэсе быў і былы камандзір менскага АМАПу Юрый Падабед, які трапіў пад санкцыі Еўразвязу за разгон мірных пратэстаў. Пасля міліцэйскай карʼеры ён таксама быў кіраўніком аддзелу аховы ў кампаніі «Трайпл». Падчас крымінальнай справы супраць Япрынцава Падабед звольніўся з гэтай пасады.

Яраслаў Сцешык belsat.eu, фота – Наша Ніва

Стужка навінаў