Уладзімір Уладзіміравіч, які спявае не сваім голасам

Адная з самых гучных навінаў першага дня спякотнага лета, што настала – выказванне міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, распаўсюджанае праз «Reuters», а далей – «Голасам Амерыкі». Цытуем:

«Беларусь не плануе дазволіць Расеі размясціць яе войскі на тэрыторыі краіны, аднак можа перагледзець сваю пазіцыю, калі, напрыклад, у Польшчы будзе стала прысутнічаць амерыканскі кантынгент, заявіў беларускі міністр замежных справаў Уладзімір Макей».

Дакладней, Уладзімір Уладзіміравіч, вядома, сказаў мякчэй – калі ўжо цытаваць не «Голас Амерыкі», а самога Уладзіміра Уладзіміравіча: «На дадзены момант мы не плануем размяшчаць на тэрыторыі Беларусі новыя замежныя ваенныя базы, – працягнуў міністр. – Але, гледзячы ў будучыню, трэба ўлічваць крокі, якія будуць здзяйсняць нашыя суседзі». Сэнс не мяняецца, проста крыху больш дыпламатычна гучыць, натуральна.

За што я люблю беларускі МЗС – за ягоную дзіўную, амаль дзіцячую непасрэднасць. Яшчэ зусім нядаўна рана пасівелыя аналітыкі пераконвалі амбасадараў еўраатлантычнай супольнасці ў тым, што страшнейшага за кошку звера няма, а прысутнасць на тэрыторыі суверэннай Беларусі расейскай ваеннай базы наўпрост пагражае беларускаму суверэнітэту. І вось цяпер ужо той, з чыёй рукі яны гэтую інфармацыйную баланду і сёрбалі, выказваецца ў духу: маўляў, не, нас палохаюць не столькі брацкія расейскія жаўнеры на сваёй тэрыторыі, колькі жахлівы монстр NATO, чые ўчэпістыя лапы цягнуцца да нас праз тэрыторыю Польшчы.

Уласна кажучы, можна, вядома, сцвярджаць, што нічога не змянілася. Што цяпер ужо не сівавалосыя юнакі з нядрэнным веданнем англійскай, а асабіста міністр б’е трывогу: маўляў, не, не, сябры нашыя дарагія, расейская база ўсцяж магчымая, а таму выратуйце энд дапамажыце! Але заява чытаецца ўжо зусім інакш – як непасрэдны шантаж: паставіце кантынгент амерыканскіх войскаў у Польшчу – а мы ў адказ паставім расейскую базу на тэрыторыю Беларусі.

У цывілізаваным грамадстве гэта называецца «шантажом». Мяккім, так, вельмі дыпламатычным, але – шантажом…

Зрэшты, Уладзіміру Уладзіміравічу не ўпершыню займацца шантажом. Галоўнае – своечасова знайсці тых, хто радасна – з надзеяй на невялікія дывідэнды – гэты шантаж агучыць. У дадзеным выпадку вось – слухаем голас Уладзіміра Уладзіміравіча.

Што? Не, я не пра гэта Уладзіміра Уладзіміравіча. Так. Так, зразумела, пра таго. А гэты ўсяго толькі агучвае.

Фота на перадпраглядзе Valery Sharifulin/TASS

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў