Уладзімір Салаўёў: «У яго пагоны з кішэні тырчэлі». У Менску за расейскім прапагандыстам сачылі спецслужбы


Расейскі журналіст Уладзімір Салаўёў распавёў у эфіры радыёстанцыі «Весці ФМ» пра свае ўражанні ад паездкі ў Беларусь.

Гэта была вандроўка ў часе

Паводле журналіста, ініцыятарам правядзення ягонага творчага вечара ў Менску  (адбыўся 25 лістапада ў Палацы Рэспублікі) выступіла арганізацыя, «якая ледзь не Адміністрацыі прэзідэнта падпарадкоўваецца». «Гэта была вандроўка ў часе», – апісвае свой прыезд у Менск Уладзімір Салаўёў. Атмасфера ў беларускай сталіцы нагадала яму часы СССР.

«Яны рапартавалі, што прададзена 1600 білетаў (зал Палацу Рэспублікі разлічаны на 2700 асобаў – belsat.eu) і ўсе страшэнна шчаслівыя. А пасля пачаліся незразумелыя з’явы. Мне пачалі тлумачыць, што, можа, і не варта прыязджаць, мяне не хочуць бачыць, рыхтуюцца акцыі пратэсту, гэта небяспечна…», – узгадвае перамовы з арганізатарам творчага вечара Салаўёў.

Паўсюль былі працаўнікі КДБ

«Куды ні пайду – адчуваю, што не адзін. Увесь час вельмі інтэлігентныя людзі. Вельмі добры кіроўца, вельмі ветлівы, усё расказвае, усё ў яго добра – але з пінжака пагоны проста тырчаць… Усё міла, але ніхто не спрабуе сказаць лішняе. Усе, калі нешта кажуць, адразу да «мікрафона» паварочваюцца ў любым памяшканні…», – іранізуе журналіст.

Журналіст распавёў, што пасля выступу хацеў паразмаўляць з актывістамі, якія зладзілі акцыю пратэсту каля Палацу Рэспублікі, але людзі ў сіняй форме яго не пусцілі.

«Мікс ультраліберальных журналістаў, якія існуюць на заходнія гранты і найгоршая форма нацыяналізму неаднаразова выкарыстоўвалася для звяржэння рэжымаў», – падзяліўся ў эфіры сваймі развагамі Салаўёў пра беларускіх журналістаў, якія асвятлялі ягоны прыезд у беларускую сталіцу.

«Нейкія хлопчыкі няўстойлівай сексуальнай арыентацыі, пакрыўджаныя, што іх не ўзялі фатографамі, якія пасля размяшчаюць заказныя паскудствы ў сеціве… Габрэйская журналістка Кацярына Андрэева, якая саромеецца сваёй габрэйскасці і псеўдаліберальныя журналісты Беларусі падтрымліваюць і раскручваюць самыя нізкія формы нацыянал-фашызму. І гэта трагедыя, якая, на жаль, здараецца не ўпершыню», – сказаў расейскі прапагандыст.

Падонкі з «Маладога фронту»

«Гэтыя падонкі з «Маладога фронту» на наступны дзень (пасля выступу Салаўёва – Заўв. belsat.eu) стаялі на вуліцы з плакатамі Сцяпана Бандэры», – раззлавана сказаў Салаўёў.

Паводле расейскага прапагандыста, Аляксандр Лукашэнка можа не ведаць, што адбываецца ў краіне. «Ідуць нейкія паддыванныя гульні», – мяркуе журналіст.

Нягледзячы на паўпустую залю, пастаянную прысутнасць КДБ і акцыю «Маладога фронту», Салаўёў «атрымаў вялікае задавальненне ад паездкі ў Беларусь».[/vc_column_text][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=_iXJDlxsrbU”][vc_column_text]ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў