Уладзімір Пуцін і Дзмітрый Мядзведзеў лічаць Беларусь часткай Расеі


Перамовам у Менску папярэднічала паездка Лукашэнкі ў Сочы. Трыццаць першага студзеня стала вядома пра нефармальную сустрэчу на горным схіле кіраўніка Беларусі з прэмʼер-міністрам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым.

У той жа дзень Лукашэнка прыняў рашэнне правесці ў Сочы кароткатэрміновы адпачынак. Але медыі па-свойму ацанілі сітуацыю. Маўляў, госць з Менску прыехаў не толькі катацца на лыжах, але найперш у разліку на сустрэчу з Пуціным. Некаторыя жартам казалі аб «сочынскай засадзе» Лукашэнкі. Спаткання давялося чакаць ажно да пятага лютага.

«Адпачнём дзень і паразмаўляем па справах. Па двухбаковых, рэгіянальных і па нашых…», – кажа прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Крэмль не каментаваў імаверных вынікаў сустрэчы. Лукашэнка ж заявіў, што Расея прыяла рашэнне падтрымаць эканоміку Беларусі. Якім чынам? Гэтае пытанне магло праясніць учорашняя сустрэча ў Менску Найвышэйшай дзяржаўнай рады Саюзнай дзяржавы. Аднак яна, паводле назіральнікаў, афіцыйна не прынесла ўцямных вынікаў. Дзень перамоваў скончыўся агульнымі заявамі.

«На заканчэнне хачу сказаць, што Расея зацікаўленая і далей паслядоўна рухацца па шляху ўзаемавыгаднай раўнапраўнай інтэграцыі», – падсумоўвае Уладзімір Пуцін.

«Адсутнасць якога кольвечы неразумення, недаверу ва ўзаемадзеянні нашых краінаў на міжнароднай арэне як мага лепш дэманструе беларуска-расейская адзінства», – дадае Аляксандр Лукашэнка.

На якія вынікі можна спадзявацца? «Пакуль гэта бліжэй да нуля. Не бачу вынікаў», – мяркуе жанчына.

«Чую толькі размовы, якія ідуць не першы год», – прызнаецца мінак.

Найбольш канкрэтнае афіцыйнае дасягненне паседжання – гэта зацверджаны саюзны бюджэт, які сёлета застанецца на ўзроўні прыблізна васьмідзесяці мільёнаў долараў. Як адзначаюць эксперты, сума зусім нязначная, узяўшы пад увагу, што Беларусі неабходна непараўнальна больш грошай толькі на выплату вонкавых пазыкаў. Таму відавочна, што тэму чарговага крэдыту для Менску на сустрэчы абмінуць не ўдалося.

«Справа не ў тым адкуль Лукашэнка возьме $ 2-3 мільярды, якія патрэбныя краіне. Справа ў тых умовах, на якіх гэтыя грошы прыйдуць у Беларусь. Калі яны прыйдуць дзеля таго каб перашкодзіць уладкаванню добрых дачыненняў Беларусі з Еўразвязам – гэта асобная справа». – тлумачыць палітолаг Уладзімір Мацкевіч.

Паводле экспертаў, вылучэнне чарговага крэдыту залежыць ад згоды ўладаў Беларусі на размяшчэнне на нашай тэрыторыі расейскай авіябазы. Як адзначаюць апаненты Лукашэнкі, расейскі вайсковы праект можа несці пагрозу суверэнітэту Беларусі. Зрэшты, адмыслоўцы звярнулі ўвагу на тое, што візіт у Менск прадэманстраваў стаўленне Крамля да суверэнітэту Беларусі. У беларускую сталіцу прыбылі і прэмʼер і прэзідэнт Расеі. Паводле закону, калі адзін пакідае краіну, другі мусіць застацца.

«Пуцін з Мядзведзевым абодва зʼехалі з Расеі. Яны наўмысна падкрэслілі, што не пакідаюць сваёй юрыдычнай тэрыторыі. Гэта наўмысная дэманстрацыя», – зазначае Уладзімір Мацкевіч.

Пакуль жа вядома, чаго бліжэйшым часам Менск ад Масквы не атрымае: таннейшага расейскага газу. Перамовы аб змене формулы коштаў пакуль не прынеслі пажаданых у Беларусі вынікаў. Як паведаміў міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык, гэтае пытанне абмяркоўвалі.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Стужка навінаў