Уладзімір Парасюк для «Белсату»: Парашэнка не думае пра рэформы і вайну на Данбасе


Журналісты праграмы «ПраСвет» абмеркавалі з дэпутатам Вярхоўнай Рады і дзеячам Майдану Уладзімірам Парасюком сучасную палітычную сітуацыю ва Украіне.

Сюжэт праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на «Белсаце» кожную пятніцу а 21:45. Праграму можна глядзець у жывой трансляцыі на нашым сайце, а пасля эфіру – у нашым архіве.

Інтэрв’ю з Уладзімірам Парасюком можна глядзець з хвіліны 22:48 на відэа вышэй.

«Майдан даў Пятру Парашэнку магчымасць стаць прэзідэнтам Украіны. Ён з першага дня павінен быў думаць пра рэформы, пра вайну на ўсходзе Украіны. Ён не думае. Гэта вельмі кепска. Робіць толькі бачнасць таго, што ва Украіне нешта адбываецца», – падкрэсліў украінскі дэпутат.

Калі б не добраахвотнікі, Украіна б ужо прайграла вайну на Данбасе, заўважыў спадар Парасюк. Паводле дзеяча Еўрамайдану, украінскай палітыцы неабходныя маладыя асобы, якія б змянілі рыторыку і палітычнае мысленне. «Старыя палітыкі звязаныя з алігархамі, сцерагуць іх бізнес-інтарэсы. Наш прэзідэнт – няпросты чалавек, гэта насамрэч вельмі багаты чалавек, які будзе прадумваць сваю дзейнасць. Калі нешта будзе шкодзіць ягоным бізнес-інтарэсам, то… Ён абяцаў прадаць свой бізнес, але чаму яго тады не прадае?», – запытаўся былы сотнік Еўрамайдану.

«Галоўнае не здавацца. Мы змагаемся за тыя каштоўнасці, за якія варта аддаць жыццё, – звярнуўся да ўкраінскіх вайскоўцаў Уладзімір Парасюк. – Каб яны ведалі, што ваююць не проста так, а ваююць за сваіх дзяцей, жонак, за сваю зямлю».

Гэта вайна расставіць усе кропкі над «і», лічыць малады палітык, а ва ўкраінскага народу ёсць рэальны шанец перамагчы ворага, «які ўвесь час ставіў Украіну на калені».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў