Уладзімір Падгол: Палітычная шызафрэнія МЗС?


Гэтыя два паведамленні на сайце ўрада Беларусі раздзяляе тры тыдні. Інфармацыя датычыць выказванняў міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея наконт адной і той жа тэмы – Незалежнасці Беларусі.

Першае пасланне міністра Макея адрасавана палітыкам на Захадзе:

«Беларусь імкнецца праводзіць сапраўды незалежную палітыку. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў у інтэрв’ю выданню Financial Times, паведамляе БЕЛТА. “Мы не хочам залежаць ад каго б то ні было – Вашынгтон гэта, Брусель або Масква. Мы ўсяго толькі хочам праводзіць сапраўды незалежную палітыку. У гэтым кантэксце нашым інтарэсам адпавядае дыверсіфікацыя гандлёва-эканамічных адносін, і ЕЗ адыгрывае важную ролю ў нашых планах”, – заявіў міністр.

Другое пасланне – Крамлю:

«Паводле слоў Уладзіміра Макея, перагаворы з Сяргеем Лаўровым прайшлі ў даверным ключы. Бакі падпісалі праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне вонкавай палітыкі дзяржаў – удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2018-2019 гады. “Гэта больш як 30 старонак дробнага почырка. Там прапісана вельмі шмат мерапрыемстваў, якія мы павінны рэалізаваць на працягу бліжэйшых двух гадоў. Яны датычацца нашага ўзаемадзеяння і на двухбаковых пляцоўках, і ў розных міжнародных арганізацыях. Я ўпэўнены, што рэалізацыя гэтай праграмы будзе садзейнічаць устанаўленню яшчэ больш цесных, даверных кантактаў паміж нашымі міністэрствамі і краінамі”, – падкрэсліў ён.

Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы па ўсіх асноўных параметрах пярэчыць Канстытуцыі Беларусі. У ёй напісана пра агульную тэрыторыю і межы. Пра адзіныя наднацыянальныя органы кіравання, бюджэт, парламент. Нават працоўная мова апарата Саюзнай дзяржавы прапісана. Адгадайце з аднаго разу якая? Слушна, расейская!

Гэты дагавор быў спачатку падпісаны А.Лукашэнкам, а потым прыняты парламентам у якасці закону.

Дык пра што казаў Макей Захаду, калі цвердзіў, што «Мы не хочам залежаць ад каго б то ні было – Вашынгтон гэта, Брусель або Масква»?

Можа ў Маскве да лоба Макея прыставілі рэвальвер і пад страхам смерці прымусілі напісаць 30 саюзных старонак дробным почыркам? Ня веру. Як не паверу ў тое, што яго падхапілі за ногі і вынеслі ў прагал паміж лесвіцамі гатэля, пагражаючы палётам імя Янкі Купалы, калі не будзе разам з Лаўровым працаваць над праграмай паглынання Беларусі Расеяй. Адзінае, што магло прагучаць у якасці шантажу ад Лаўрова, дык гэта простае пытанне кшталту: «Ці дайшлі ў Менск грошы чарговага крэдыту?»

І чаго толькі не скажа міністр замежных спраў Беларусі заходнім палітыкам за пару месяцаў да мажлівай паездкі ў Брусель А.Лукашэнкі.

Але вось цікавінка. У чацвер на беларуска-нямецкі форум плануе прыехаць міністр замежных спраў Нямеччыны. Абодва міністра будуць выступаць перад сотнямі гасцей. Цікава, што тут скажа Макей? Можа нешта ў стылі свайго гаспадара, што «нямецкі парадак фармаваўся стагоддзямі і Нямеччына для нас узор…» Хутка пачуем.

Уладзімір Падгол, belsat.eu

Стужка навінаў