Уладзімір Падгол хоча выйсці з Партыі БНФ


Перадвыбарная акцыя Уладзіміра Падгола

Філосаф Уладзімір Падгол вырашыў выйсці з Партыі БНФ. У сувязі з асуджэннем кіраўніцтвам і актывам партыі метадаў, якія ён выкарыстоўваў падчас мінулай парламенцкай кампаніі.

Гэтае рашэнне Падгол прыняў на паседжанні сойму партыі 8 кастрычніка ў Менску, пацвердзіўшы яго ў адкрытым лісце да выбарнікаў, сябраў і кіраўніцтва партыі, тэкст якога 10 кастрычніка разаслаў медыям.

Падчас парламенцкіх выбараў Падгол прыцягнуў да сябе ўвагу дзякуючы шматлікім акцыям у рамках агітацыйнай кампаніі. Ён выступаў на тэлебачанні і сустракаўся з выбарнікамі ў бронекамізэльцы і танкавым шлеме, збіраў подпісы як пад нацыянальным сцягам Беларусі, так і пад сцягамі Еўразвязу і ЗША. Разам з яшчэ адным кандыдатам у дэпутаты ладзіў яскравыя палітычныя перформансы па перадачы зваротаў да Аляксандра Лукашэнкі і іншым службовым асобам з патрабаваннямі з праграмы Партыі БНФ.

На паседжанні сойму высветлілася, што метады Уладзіміра Падгола не знайшлі падтрымкі ў кіраўніцтва і шараговых сябраў партыі.

У прыватнасці старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч папракнуў былога кандыдата ў тым, што яго эксцэнтрычны вобраз на гэтых выбарах і выступленні пад сцягамі замежных краінаў, магчыма, палохалі беларускі бізнес, на падтрымку якога спадзяецца партыя. Некалькі сябраў партыі на сойме таксама негатыўна ацанілі дзеянні Падгола падчас выбарчай кампаніі. Адразу пасля гэтага філосаф напісаў заяву аб выхадзе, падаў яе Янукевічу і пакінуў паседжанне сойму.

У адкрытым лісце філосаф адзначыў, што «глыбіннай прычынай выхаду зʼявілася пазіцыя кіраўніцтва БНФ у дачыненні да адстойвання партыйнай праграмы і, адпаведна, усіх кандыдатаў у дэпутаты ад партыі падчас выбараў».

«Калі Лідзія Ярмошына прыгразіла рэпрэсіямі тым кандыдатам, якія будуць прапагандаваць партыйныя каштоўнасці ў медыях, кіраўнікі БНФ так і не змаглі публічна заявіць пра салідарнасць з каштоўнасцямі партыі», – падкрэсліў Уладзімір Падгол.

Паводле статуту Партыі БНФ, рашэнне аб выключэнні канкрэтнага члена выносіць тэрытарыяльны орган, які прымаў яго ў склад партыі, альбо сойм Партыі БНФ. На паседжанні сойму Янукевіч заявіў, што рашэнне па Падголу прыме мясцовая арганізацыя і толькі пасля асабістай грунтоўнай гутаркі з ахвотным пакінуць шэрагі партыі філосафам.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў