Уладзімір Някляеў пра знявагу ў бок Барадуліна: Гэта абраза ўсёй беларускай культуры


Апошні Народны паэт Беларусі, дзядзька Рыгор, беларус і сумленне нацыі. Прызнаны ў краіне і свеце. Рыгор Барадулін – веліч і годнасць. Але знайшоўся той, хто назваў Барадуліна «нацысцкай свалатою» ды «дрэнным паэтам». Краіна мусіць ведаць сваіх «герояў» – гэта зрабіў дырэктар агенцтва «Акадэм-Нерухомасць» Аляксандр Гарашчэня.

Беларускую грамадскасць гэткія словы мужчыны скаланулі. Але гэта не адзінае ягонае выказванне, якое рэжа, як нажом, нацыянальныя вартасці. Таксама не мае Аляксандр Гарашчэня павагі і да творчасці іншага народнага пісьменніка, Васіля Быкава. А вывучэнне ў школе беларускае мовы і літаратуры лічыць амаль што непатрэбным і штучным. Само ж навучанне нацыянальнаму называе «гвалтам над моладдзю». Чаму маўчаць спецслужбы і праваахоўнікі – у той час, як за супраціў «русскому миру» ў Беларусі вядзецца з іх боку актыўны пераслед?

Паэт і палітык Уладзімір Някляеў заўважыў, што Аляксандр дзейнічае ў рэчышчы антынацыянальнай палітыкі, якую ўвесь час праводзілі ўлады Беларусі.

«Слухай, хлопец. Жывучы ў Беларусі, табе павінна быць сорамна, што ты не ведаеш Богам дадзенай мовы і яшчэ сына на тое падбіваеш», – падкрэсліў Уладзімір Някляеў, звяртаючыся да таго, хто ганьбіў памяць беларускага паэта.

Тым больш несправядлівыя і крыўдныя словы Аляксандра Гарашчэні, улічваючы, што бацька Рыгора Барадуліна загінуў на вайне супраць нацызму. Нізавошта Рыгору Барадуліну не далі б звання Народнага паэта Беларусі ў савецкі час, калі б той быў нацыстам, заўважыў Уладзімір Някляеў.

Паводле палітыка, сапраўдныя патрыёты мусяць цаніцца ў кожнай краіне, бо, да прыкладу, Украіну ад расейскай агрэсіі баранілі не спецслужбы ці вышкаленыя ў СССР вайскоўцы, а перадусім людзі з нацыянальным гонарам.

«Праблема ў тым, што за 20 з лішнім гадоў уладарання гэтага рэжыму, ён больш шкоды нарабіў беларускасці, чымся так званая савецкая ўлада», – падкрэсліў палітык.

Справа Эдуарда Пальчыса, якога вінавацяць у экстрэмізме за супрацьстаянне «русскому миру», – гэта «дзіцячы садок» у параўнанні з абразай усяму беларускаму народу праз здзек з імя Рыгора Барадуліна, зазначыў спадар Някляеў.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў