Уладзімір Някляеў адзначыў сваё 70-годзе ў скверы імя Янкі Купалы (ФОТАРЭПАРТАЖ+ВІДЭА)


Нягледзячы на забарону Менгарвыканкаму паэт а 19:00 прыйшоў на публічнае чытанне вершаў.

Разам з юбілярам песні на вершы Някляева ды іншых беларускіх паэтаў праспявалі Зміцер Вайцюшкевіч ды Лявон Вольскі.

Пра збор у скверы грамадскі дзеяч напісаў у сваім « Facebookʼу».

Акрамя звыклай для Някляева публікі – калег-пісьменнікаў ды палітызаванай аўдыторыі – былі і проста ягоныя прыхільнікі.

Музыка Вольскага і Вайцюшкевіча чаргавалася з вершамі юбіляра. Калі Уладзімір Някляеў пачаў чытаць урыўкі з вядомай паэмы «Паланэз», на пляцоўцы перад помнікам запанавала сапраўдная цішыня.

Заканчэнне імпрэзы прыспешыў дождж, але не напалохаў жадаючых узяць аўтограф. Чарга па подпіс новай кнігі Уладзіміра Някляева пад парасонамі трывала яшчэ паўгадзіны.


Заяўку на правядзенне імпрэзы паэт падаваў яшчэ на мінулым тыдні, але сталічныя ўлады ягоную заяўку не задаволілі.

«Традыцыя літаратурных чытанняў існуюць ва ўсіх еўрапейскіх сталіцах. І зараз мяне з нагоды юбілею запрашаюць у Хельсінкі і Стакгольм, Нью-Ёрк, Вільню і Варшаву. А вось у родным горадзе я госць не пажаданы. Спачатку мне заміналі выдаваць вершы, цяпер забараняюць іх чытаць», – напісаў ён тады ў Facebookʼу.

 

ДР belsat.eu

Стужка навінаў