Уладзімір Мацкевіч пра «ўкраінскіх дыверсантаў» у Крыме: Сітуацыя шытая белымі ніткамі

video

Расея не гатовая да поўнамаштабнай вайны, мяркуе філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Прадстаўнікі ФСБ паведамілі пра раскрыццё цэлай групы дыверсантаў з Украіны ў Крыме, а Пуцін выступіў з заявай пра «тэрор» з боку Украіны. Што насамрэч адбылося ў Крыме і да чаго гэта можа прывесці?

Метадолаг, філосаф Уладзімір Мацкевіч адзначыў, што для яго не было нічога дзіўнага ў навіне пра «ўкраінскіх дыверсантаў» у Крыме. Паводле адмыслоўца, назіраючы за тым, як Расея дзейнічае сёння ва Украіне, варта было чакаць чагосьці такога, бо сёння Расея вядзе псіхалагічную вайну супраць добраахвотнікаў, натраўліваючы іхныя групоўкі між сабою і ствараючы негатыўнае меркаванне пра іх ва ўкраінскім грамадстве.

«Што датычыць рэакцыі на гэта, то я б звярнуў увагу, што рэакцыя досыць сціплая і з боку сродкаў масавай інфармацыі, і з боку кіраўніцтва Украіны, бо, думаю, сітуацыя шытая белымі ніткамі і ўсе разумеюць, што гэта можа быць правакацыя, прычым ініцыяваная менавіта з расейскага боку», – адзначыў спадар Мацкевіч.

Расея заўсёды імкнула замкнуць перамоўны працэс у справе Данбасу на Менскай групе, фармат якой цалкам задавальняе Крэмль, заўважыў метадолаг.

«Нармандскі фармат, больш шырэйшы і больш жорсткі да гэтай сітуацыі, заўсёды замінаў Пуціну і Крамлю весці сваю працу, тым больш, калі спатканне ў нармандскім фармаце мае адбыцца адначасова з сустрэчай «Вялікай сямёркі», з якой Расею выключылі. Гэта будзе ствараць негатыўны кантэкст і фон для расейскай палітыкі. Таму, напэўна, дзеля зрыву сустрэчы ў нармандскім фармаце магла быць зробленая ўся гэтая правакацыя», – мяркуе філосаф.

Як падкрэсліў адмысловец, Расея як вяла, гэтак і вядзе супраць Украіны гібрыдную вайну, якая выяўляецца ў падтрыманні ўзроўню напружанасці, падрыве аўтарытэту ўсіх дзяржаўных структураў Украіны і распальванні варожасці паміж рознымі групоўкамі ва ўкраінскім грамадстве. На думку спадара Мацкевіча, менавіта на гэта накіравана ўся расейская палітыка.

«Ці гатовая Расея да поўнамаштабнай вайны – гэта вялікае пытанне. Мне падаецца, што яна не гатовая да такой вайны, і таму не хоча такой вайны насамрэч», – лічыць Уладзімір Мацкевіч.

10 жніўня ў ФСБ Расеі заявілі, што перадухілілі здзяйсненне тэрактаў у акупаваным Крыме на «крытычна важных абʼектах інфраструктуры і жыццезабеспячэння паўвостраву», якія нібыта рыхтавала Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны. Расейскі бок паведамляў, што ў перастрэлцы загінулі два расейскія сілавікі.

Таксама ў ФСБ заявілі аб ліквідацыі «ўкраінскай агентурнай сеткі» і затрыманні групы «дыверсантаў».

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў бязглуздымі і цынічнымі абвінавачванні Расеі ў адрас Украіны аб падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары