Уладзімір Макей: Мы не маем намеру пачынаць вайну


Беларусь не хоча быць крыніцай напружанасці ў рэгіёне і таму не збіраецца размяшчаць у сябе дадаткова замежныя вайсковыя базы.

Пра гэта кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей заявіў на першай канферэнцыі ганаровых консулаў Беларусі.

«Калі нам штучна спрабуюць навязаць тэматыку пра тое, што Беларусь з-за сваіх цесных стасункаў з Расеяй прадстаўляе «пагрозу» для кагосьці з суседзяў – для Украіны, для Балтыйскіх краін або для Польшчы… Зразумела, калі пачынаеш апраўдвацца, адназначна будзе здавацца, што ты ў чымсьці вінаваты. Мы ў адказ цвёрда заяўляем, што з нашай тэрыторыі ніколі не зыходзіла пагроза ў дачыненні да ніводнай з краінаў і не будзе зыходзіць. Мы не маем намеру пачынаць вайну ў адносінах да кагосьці. Мы не хочам размяшчаць у сябе дадатковыя нейкія замежныя вайсковыя базы, таму што разумеем, што гэта будзе выкарыстана нашымі партнёрамі па той бок мяжы для адэкватнага адказу, і гэта прывядзе да нагнятання напружанасці. Мы не хочам быць крыніцай напружанасці», – заявіў Макей.

Па словах кіраўніка МЗС, Беларусь не мае ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў да іншых дзяржаў і імкнецца да шматвектарнай вонкавай палітыкі.

«Сутнасць нашай палітыкі заключаецца ў тым, што мы стараемся выбудоўваць роўныя адносіны па ўсіх напрамках свету. Мы ні ў якім разе не збіраемся разрываць нашы саюзніцкія стасункі з Расеяй. Мы збіраемся іх умацоўваць. Але мы імкнемся адначасова мець добрыя адносіны з Еўрапейскім звязам, які зʼяўляецца другім па значнасці нашым гандлёва-эканамічным партнёрам», – заявіў міністр.

«Мы не збіраемся сябраваць з кімсьці за кошт каго-небудзь ці супраць каго-небудзь. Яшчэ раз хацеў бы асабліва падкрэсліць: мы хочам сябраваць з усімі, хочам мець роўныя адносіны з усімі – і з Расеяй, і з Еўропай, і з краінамі далёкай дугі – з Лацінскай Амерыкай, Афрыкай, Азіяй, Паўднёва-Усходняй Азіяй. Нам важныя стасункі з усімі», – падкрэсліў Макей.

 

ІІ, belsat.eu; паводле БелТА

Глядзі таксама
Каментары