Уладзімір Макей адказаў на пытанні «Белсату» пра пагадненне ЕЗ-Беларусь і Астравецкую АЭС


Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей, які бярэ ўдзел у саміце Усходняга партнэрства, адказаў на пытанні журналістаў «Белсату».

Кіраўнік МЗС заявіў, што «нічога не перашкаджае» падпісанню новага пагаднення Беларусь-ЕЗ і што дыпламаты працуюць над гэтым:

«Трэба рухацца паступова. Трэба рабіць тыя крокі, якія кожны з бакоў павінен зрабіць. Разуменне таго, што неабходна заключыць гэтае пагадненне, мне падаецца, ёсць».

Адказваючы на пытанне пра тое, які ёсць меркаванні на Захадзе адносна Беларускай АЭС, Макей зазначыў, што яны «розныя», але пры гэтым падкрэсліў, што Беларусь правяла стрэс-тэсты на АЭС, хоць «не абавязаная была гэта рабіць»:

«Мы супрацоўнічаем з Еўрапейскім звязам, і мы адкрытыя да супрацоўніцтва. Больш за тое: мы маглі не праводзіць стрэс-тэсты, якія мы правялі, таму што гэта патрабаванне Еўракамісіі, але мы іх правялі, таму што самі вырашылі гэта зрабіць. Зараз мы працуем над правядзеннем аналізу гэтых стрэс-тэстаў».

Таксама Уладзімір Макей выказаўся пра партнёрства ў сферы мабільнасці і міграцыі, падпісанае Беларуссю і ЕЗ:

«Партнёрства па мабільнасці азначае нашае супрацоўніцтва ў галіне міграцыі. Яно заключанае паміж Беларуссю і ЕЗ. Мы працуем над далейшай рэалізацыяй гэтага пагаднення. Напэўна, для простага беларуса названае пагадненне нічога не значыць, бо яно больш звязанае з тым, якія дамоўленасці мы маем з Еўрапейскім звязам у галіне міграцыі, каб мы маглі дамаўляцца пра тое, як працаваць з тымі нелегальнымі мігрантамі, якія трапляюць у тую ці іншую частку нашага рэгіёна па абодва бакі мяжы».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў