Уладзімір Казлоў: Праз засілле расейскай папсні людзі вераць ідыёцкай прапагандзе


uladzimir-kazlou

Уладзімір Казлоў

Пісьменнік і рэжысёр з Беларусі распавёў Belsat.eu пра адкат да «саўка», трэш чалночных паездак у Польшчу ды пра творчую рэалізацыю ў Расеі, у якой Уладзімір Казлоў жыве з 2000 года.

У кастрычніку фільм Уладзіміра Казлова «Анамія» асобна адзначылі на Варшаўскім кінафестывалі ў намінацыі «Вольны дух». На здымкі фільму спатрэбілася менш за два тыдні і каля $ 2 тыс. Belsat.eu пагутарыў з творцам, больш вядомым за свае літаратурныя працы, пра незалежнае кіно, ліхія 1990-я ды застой у Беларусі.

Пра незалежнае кіно

Мяркуючы па водгуках на мой першы фільм «Дзясятка», яго глядзелі вельмі розныя людзі. Камусьці падабаўся, камусьці не. Па крайняй меры гэта было цікава. Таму лічу, што і такі фільм знайшоў бы свайго гледача. Але дыстрыбуцыя ў Расеі яго немагчымая, па-першае, з ідэалагічных меркаванняў, бо ён усё ж такі не вельмі адпавядае дзяржаўнай ідэалогіі, калі казаць мякка. Дыстрыбутары і кінатэатры з меркаванняў самацэнзуры ад такога кіно адмаўляюцца. А па-другое, зараз увогуле вялікіяве праблемы з аўтарскім кіно, з яго пракатам. Усё больш рухаемся да таго, што аўтарскае кіно глядзяць альбо на фестывалях альбо ў інтэрнэце.

Атмасфера ў Расеі нагадвае позні «савок»

Цяперашняя расейская сістэма, рэжым вельмі нагадваюць тое, што было 30 гадоў таму. Той жа падман, тое ж адчуванне нейкага тупіка. Але ёсць вялікая розніца: сённяшняя Расея нашмат больш багатая, нашмат больш інтэграваная ва ўвесь астатні свет. І таму гэтая рэчаіснасць не выклікае такога пратэсту.

Узгадваю сярэдзіну 1980-х: савецкую сістэму ненавідзелі ўсе. І нават гопнікі, хлопцы, шмат хто з якіх быў увогуле разумова адсталы, на нейкім падсвядомым узроўні адчувалі, што сістэма гнілая. Што, калі ім кажуць, што праз 20 гадоў будзе камунізм, гэта ўсё брахня. І ніякага камунізму не будзе, а будзе яшчэ горш і горш. Гэта адбываецца і цяпер.

Як мяняецца Беларусь

Пачынаючы з сярэдзіны 2000-х бачу, асабліва ў Менску, што ёсць дастаткова немалая група людзей, якая жыве нібыта ў нармальнай краіне, якія неяк уладкаваліся пры гэтым рэжыме, якія з рэжымам не судакранаюцца. Яны зарабляюць дастаткова шмат грошай, вандруюць, але пры гэтым, калі ўзяць нават Магілёў (родны горад Уладзіміра Казлова), там я ніякага такога руху не бачу. Прыязджаю і бачу: нічога не мяняецца, усё амаль увесь час аднолькава. Пры такім рэжыме ніякага руху наперад не можа быць. Гэта савецкая эканоміка, шмат у чым сваецкі менталітэт.

kazlou3
Пра расейскую папсню

На ўзроўні медыяў у Беларусі ўвогуле нейкая татальная папсня, прычым не толькі беларуская, але і расейская. Такі момант: папсня, якая прыгнятала ў канцы 1980-х, яна і цяпер нікуды не падзелася. Кабзоны і пугачовы – яны дагэтуль існуюць.

Гэта нешта кажа пра людзей. Мне падаецца, тое, што людзі вераць ідыёцкай прапагандзе, – звязанае з культурнымі каштоўнасцямі гэтых людзей. Чалавек, які дагэтуль слухае Кабзона ці Пугачову, хутчэй паверыць нейкай прапагандзе.

Пра чалночныя паездкі ў Польшчу

У мяне было некалькі камерцыйных паездак у Польшчу (апісаныя ў рамане «Варшава»- заўв.). Я пачаў гэтым займацца, калі гэтая залатая жыла практычна вычэрпвалася, калі тавараў, якія было выгадна вазіць на продаж, станавілася менш. Прыязджалі ў нейкі польскі гарадок, выкладваліся на рынку, распрадаваліся дні за тры. А пасля на зваротным шляху заязджалі ў Варшаву ці Беласток на закупы. Хто быў найбольш кемлівы ў такім бізнесе, набываў яшчэ нешта, што можна было пасля перапрадаць у Беларусі. Памятаю, набывалі вельмі-вельмі дрэнныя музычныя цэнтры з Паўднёва-усходняй Азіі за $ 50, у Беларусі знаходзіліся ідыёты, гатовыя за яго заплаціць $ 100. Аднойчы і я такую здзелку правярнуў (смяецца).

Пра рэкеціраў

На шчасце, я пазбегнуў рэкету.

Самая жорсткая гісторыя, якую я чуў, пра тое, што падчас камерцыйнай паездкі памёр мужчына падчас перасячэння мяжы. І ўсе адмовіліся вяртацца, бо як жа, мы заплацілі за пуцёўкі, у нас тавару тут. Загрузілі цела ў поліэтыленавы пакет і вазілі ўсю дарогу па Польшчы.

Нават калі гісторыя прыдуманая, яна адлюстроўвала менталітэт і сутнасць шмат якіх людзей, якія выпраўляліся ў такія паездкі. Слова «бязмежжа» вельмі добра характарызуе той час.

Трэйлер  да фільму «Анамія» (нецэнзурная лексіка)

Закупляцца мы прыязджалі на стадыён у Варшаву. Кіраўнік групы аднойчы кажа: «Набывайце ўсё, дзе хочаце, але на самі трыбуны не хадзіце. Там гандлююць рускія. Пойдзеце туды – адграбяце і забяруць грошы». Усе прытрымліваліся гэтай парады. Неяк сутыкнуўся з рэкецірамі на варшаўскім Усходнім вакзале, але не падчас камерцыйнай паездкі. У 1994 годзе, калі мы ехалі ў Англію ад менскага Інязу. Варшава тады была перавалачным пунктам. Я памятаю, як да нас падышлі рэкеціры, рускамоўныя: «А куды едзеце, хто такія». Мы ўсе дружна сказалі, што мы студэнты і грошай не маем. Хаця сярод студэнтаў былі і мажоры, якія везлі па $ 500 – максімум, які дазвалялася вывозіць з краіны. Ад нас адвязаліся, прыехаў аўтобус з Горадні, рэкеціры адсканавалі натоўп, выхапілі нейкага хлопца і адабралі ў яго ўсе грошы, адвёўшы ў бок.

Пра чалночны бізнес усходняй Беларусі

Вядома, што з Берасця і Горадні бліжэй ездзіць у Польшчу, а з усходніх вобласцяў стала выгодней ездзіць у Расею. Думаю, паміж 1993 і 1996-м, вельмі шмат хто з Магілёва зарабляў такімі ж камерцыйнымі паездкамі, якія ладзілі турфірмы – кудысьці ў Смаленскую вобласць ці ў Бранскую. Прыязджаюць і прадаюць нейкія тавары, якія ў Расеі ўжо даражэйшыя. Посуд, гаспадарчыя тавары, нейкая вопратка.

Пра ўздзеянне прапаганды на моладзь

Сучасная прапаганда падае на больш зручную глебу. Перад распадам СССР людзі былі настроеныя скептычна і цынічна. Чалавек адчуваў няпраўду нават на ўзроўні інстынктаў. Як я і казаў, сістэму ненавідзелі ўсе: ад гопніка на Рабочым пасёлку ў Магілёве да даволі высокапастаўленага абкомаўскага працаўніка. Бо апошні разумеў, што гэтая сістэма абмяжоўвае ягоныя заробкі, магчымасці і гэтак далей. Людзі шмат чым цікавіліся, у тым ліку палітыкай. А сённяшняя моладзь – павярхоўная. На гэта шмат прычынаў, у тым ліку сацсеці, якія часта выкарыстоўваюцца для пустой балбатні, а не для нейкай самаадукацыі.

Людзі мала чым цікавяцца. А чалавеку неабазнанаму прасцей навешаць лапшу на вушы, сказаць, што тыя і тыя «ворагі», а мы «добрыя». Сённяшняя прапаганда працуе нашмат больш хітрая, чым раней. Моладзь гэта засвойвае, на жаль.

Пра беларускія праекты

У мяне ёсць парачка чыста беларускіх ідэяў. Гэта на ўзроўні мары, бо ў цяперашніх умовах фінансавання здзейсніць нельга. Ужо нават ёсць напрацоўкі на ўзроўні сцэнару – гэта экранізацыя двух маіх кніг «СССР» і «Варшава». Было б цікава зняць гэта ў Беларусі, але гэта ўзнаўленне 1980-х і 1990-х, бо гэта нельга зрабіць без бюджэту як незалежны фільм. Таму гэта праекты, якія будуць чакаць лепшых часоў.

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары