Уладзімір Гройсман – новы прэмʼер-міністр Украіны


https://www.youtube.com/watch?v=e1K_j4kSGFg

Вярхоўная Рада Украіны прыняла адстаўку прэмʼер-міністра Украіны Арсенія Яцэнюка, што пацягнула за сабой сканчэнне паўнамоцтваў усяго Кабінету міністраў.

Адпаведную пастанову падтрымалі 257 народных дэпутатаў на пасяджэнні ўкраінскага парламенту ў чацвер.

Гэтай жа пастановай Вярхоўная Рада прызначыла цяперашняга старшыню парламенту Уладзіміра Гройсмана прэмʼер-міністрам Украіны.

Згодна з Канстытуцыяй, новапрызначаны прэмʼер мае ўнесці ў Вярхоўную Раду прапановы наконт складу свайго Кабінету міністраў, які будзе зацверджаны парламентам.

Арсень Яцэнюк падаў у адстаўку з пасады прэмʼер-міністра Украіны 10 красавіка 2016 года. Урад ён узначаліў 27 лютага 2015 года пасля правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў 27 лістапада 2014 года.

Раней Яцэнюк займаў пасады міністра эканомікі Аўтаномнай Рэспублікі Крым (2001- 2002), намесніка кіраўніка Нацыянальнага банку Украіны (2003), міністра эканомікі (2005-2006) і міністра замежных спраў (2007). У 2007-2008 гадах быў старшынёй Вярхоўнай Рады Украіны.

Уладзімір Гройсман нарадзіўся ў 1978 годзе. Яго выбралі старшынёй Вярхоўнай Рады ў канцы лістапада 2014 года. У 2003 годзе скончыў Міжрэгіянальную акадэмію кіравання персаналам па спецыяльнасці «Юрыспрудэнцыя». У лютым 2010 года скончыў Нацыянальную акадэмію дзяржаўнага кіравання пры прэзідэнце Украіны (магістр па спецыяльнасці «Кіраванне грамадскім развіццём»).

З сакавіка 2006-га па люты 2014-га Уладзімір Гройсман быў гарадскім галавою Вінніцы. З лютага па лістапад 2014 года ён займаў пасаду віцэ-прэмʼера і міністра рэгіянальнага развіцця, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

МЯ, паводле interfax.com.ua

Глядзі таксама
Каментары