Уладзімір Ганчарык: апазіцыя шмат часу марнуе на непатрэбныя рэчы


У размове з belsat.eu адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на выбарах 2001 году разважае пра тое, чаму ўсцяж неабходны «адзіны» і ў чым апазіцыя паўтарае мадэль сучаснай беларускай дзяржавы.

Адзіны кандыдат – гэта канцэнтрацыя сіл

Спадар Уладзімір, Вы былі адзіным кандыдатам ад апазіцыі на выбарах 2001 году.Тады атрымалася дамовіцца. Але што гэта дало? Апазіцыя не перамагла. Дык ці так ужо патрэбны адзіны кандыдат? Можа, і не варта марнаваць час ды грошы на ўсе гэтыя стратэгіі выбараў адзінага?

Мая думка заўсёды была адна: адзіны кандыдат патрэбны. Але гэта не панацэя ад усіх нашых бед. Гэта адзін са спосабаў сканцэнтраваць сродкі і сілы, якіх у нас няшмат. Я не згодны, што ў 2001 годзе гэта нічога не дало. Гэта дазволіла кансалідаваць грамадства. Ніхто з апазіцыйных кандыдатаў паасобку не набраў такой колькасці галасоў, як набраў тады я як адзіны кандыдат ад аб’яднаных дэмакратычных сіл. Паводле неафіцыйных падлікаў, за мяне аддала галасы недзе траціна выбарнікаў. А не перамаглі, таму што, па-першае, выбары фальсіфікаваліся, па-другое, мы шмат часу змарнавалі, у нас не было яго на належную падрыхтоўку, па-трэцяе, не ўсе ў апазіцыі працавалі на адзінага кандыдата. Але на памылках трэба вучыцца. На жаль, гэтага не робіцца.

Уладзімір Ганчарык – былы старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання, адзіны кандыдат ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах у 2001 годзе. Паводле афіцыйных дадзеных, на выбарах Ганчарык набраў 15,65% галасоў.

Чаму ў 2001 годзе атрымалася абраць «адзінага», а цяпер – не могуць дамовіцца?

Мы добра разумелі, што трэба яднацца. Цяжка дамовіцца, бо няма ў нашым палітычным полі нейкага выражанага лідара, вакол якога б ядналіся людзі. Таму яго трэба прызначаць. А яшчэ поўна і асабістых момантаў у адносінах.

Ці можаце параіць на падставе свайго досведу, як найлепш абраць «адзінага»?

Ці будзе кангрэс, ці праймерыз – не ў гэтым сутнасць. Вы спачатку дамоўцеся. Як робяць амерыканскія партыі – дамовіліся, потым – з’езд, і наперад – працаваць з выбарнікамі. А ў нас колькі часу марнуецца на размовы. Час – самае каштоўнае ў працы з выбарнікамі.

«Сядзяць і чакаюць, калі нехта скажа: ідзі на выбары»

У адным з інтэрвю Вы даволі рэзка выказаліся, што ў 2001 годзе не перамаглі, бо шмат хто з апазіцыі працаваў на ўласны піяр. Ці можаце сказаць, што тое самае адбываецца і цяпер?

Цяпер я б гэтага не сказаў. Бо я не бачу, каб нехта працаваў на сябе. Ідуць нейкія прыватныя размовы і не больш. Яшчэ ў 2010 годзе, калі выйшла шмат маладых, тады ў іх гэта было – заявіць пра сябе. Ды больш і нічога. А сёння яны ўжо вядомыя ўсе. Сядзяць і чакаюць, калі нехта прыйдзе і скажа: вось, ідзі, будзь “адзіным”, а мы ўсё за цябе зробім.

Вы хочаце сказаць, што апазіцыйныя палітыкі сёння нічога не робяць?

Ну, нешта робяць. Праводзяць нейкія сходы, нядрэнна аналізуюць сітуацыю ў краіне. Але часта гэтым і сканчаецца. Пасля аналізу патрэбныя канкрэтныя крокі. Усё пачынаецца з працы з людзьмі. Раней яна была больш актыўнай.

Як апазіцыі варта працаваць з людзьмі?

Больш працаваць з прафсаюзамі. Трэба шукаць сваіх прыхільнікаў на прадпрыемствах. Вось стары прыклад: што адбывалася ў польскай “Салідарнасці”, якая і прывяла да зменаў? Прыходзіў на прадпрыемства на працу малады чалавек, з языком, мог да сябе людзей схіліць, і паціху пачынаў вакол сябе гуртаваць аднадумцаў.

Трэба заяўляць пра сябе, рэагуючы на сітуацыю. Паглядзіце: то кошты растуць, то працоўны стаж павялічваецца для так званых дармаедаў. Хто-небудзь выказаўся з апазіцыйных палітыкаў? Партыя якая зрабіла заяву? Не. Здаецца, дробязі, але гэта закранае людзей. Людзі менш цікавяцца палітыкай, а больш – сваім гаманцом. Партыям не хапае добрых аналітыкаў, яны не паспяваюць рэагаваць на падзеі. Трэба свае праграмы ды заявы не проста на сайце вывешваць, а ісці да людзей. Старэйшае пакаленне амаль не карыстаецца інтэрнэтам. Мяне людзі ў раёне ўсе ведалі – і жывёлаводы, і трактарысты. Таму што я там быў – раніцаю, увечары, глядзеў, як што робіцца.

Некаторыя партыі паўтараюць беларускую дзяржаўную мадэль

Каго з цяперашніх палітыкаў Вы бачыце ў якасці адзінага?

Я б не хацеў адказваць на гэтае пытанне, таму што там ідзе пакуль працэс…. Я да большасці з іх добра стаўлюся. Да некаторых – не вельмі. Я б узгадаў прозвішчы Казуліна, Ярашука, бо я ведаю іх падрыхтоўку і добра да іх стаўлюся асабіста. Але я не ўпэўнены, што гэтыя людзі самі пойдуць.

Складваецца адчуванне, што калі не дамовяцца з “адзіным”, сярод кандыдатаў мы можам пабачыць тыя ж прозвішчы, што і ў 2010 годзе. Чаму за гэты час не з’явіліся новыя асобы? Чаму моладзь не ідзе ў апазіцыю?

Калі б я быў старшынём нейкай партыі, я б Вам адказваў на пытанне – чаму мы не змаглі вырасціць новага годнага кандыдата. Яны гэтым не займаюцца. Нібы не разумеюць, што выбары – гэта не толькі перадвыбарчы год. Прайшлі выбары – трэба адразу пачынаць працу на наступныя.

Дык што перашкаджае працаваць? Чаму партыі пачынаюць актывізавацца толькі ў год выбараў?

Дык яны і не пачалі яшчэ. А трэба і паміж выбарамі актыўна вырошчваць новыя кадры. Не можа быць, каб усе былі такімі тупымі. З узростам палітык назапашвае досвед, веды. Але моладзь у палітыцы патрэбная! І калі ты ў партыі 10-15 год, і не здолеў вырасціць маладога лідара, то гэта вялікае пытанне да цябе як да кіраўніка партыі. Калі ў партыі адзін кіраўнік ужо не адно дзесяцігоддзе, гэта тая самая мадэль, як і ў дзяржаве – схільнасць да канцэнтрацыі ўлады ў адных руках.

Патрэбныя не семінары, а праца з людзьмі

У палітычным застоі, што мы сёння маем, вінаватая толькі ўлада ці таксама і апазіцыя?

І тыя, і тыя. Віна апазіцыі ў тым, што яны не могуць з’яднацца. Вельмі марнуюць час, трацяць яго на непатрэбныя рэчы замест канкрэтнай працы. Праводзяць семінары розныя, з’езды. Гэта ўсё трэба, але не ў той колькасці, як гэта ёсць. Я не ўпэўнены, што гэтыя семінары дапамагаюць. Асабліва калі там вучаць адных і тых жа.

Калі б Вы сёння выступалі кандыдатам, што б Вы ўзялі з кампаніі 2001 году, а што б зрабілі інакш?

Памылак тады было шмат. Першае – час, па-другое – трэба раней рабіць структуры, трэцяе – перагледзеў бы адносіны з той часткай апазіцыі, якая больш паказухай займаецца, чым канкрэтнай працай. Галоўнае – гэта час і давер людзей. Людзей трэба ведаць, і каб людзі ведалі цябе. А калі ты пачынаеш кампанію за 2 месяцы, то што тут зробіш? Сёння партыі не ў кожным рэгіёне маюць прадстаўнікоў. А яшчэ ж трэба ведаць, што там за прадстаўнік, ці будзе ён працаваць, і як ён будзе прадстаўляць партыю? Трэба выкарыстоўваць усе меры – і сустрэчы з людзьмі, і ўлёткі. Але гэтае разуменне прыходзіць з досведам, з разуменнем сваіх памылак. Тады і цяпер – розная спецыфіка сітуацыяў, але праца з людзьмі важная заўсёды.

Ваш прагноз на выбары?

Пажывем – пабачым. Не будзем песімістамі, але і аптымістамі не будзем. Ніхто ілюзіяў не мае, але працаваць трэба.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў