Улады Віцебска забаранілі Дзень Волі


Мэрыя не дазваляе сход, бо ў арганізатараў няма дамовы з міліцыяй на абслугоўванне акцыі. Міліцыя не хоча абслугоўваць акцыю, бо яе не дазволіла мэрыя.

Віцебскія актывісты БНФ планавалі сабрацца сёлета ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў у суботу, 26 сакавіка. Аднак намесніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну адмовіла заяўніку Канстанціну Смолікаву.

У заяве на правядзенне ўрачыстага сходу ён напісаў, што актывісты плануюць выкарыстаць сцягі, транспаранты, гукаўзмацняльную апаратуру. Спадар Смолікаў лічыць, што ўлады парушаюць закон:

«Права на сходы – гэта нашае неад’емнае права, аднак яго ў чарговы раз абмежавалі нашыя мясцовыя ўлады».

«У лісце за подпісам спадарыні Ляпёшкінай, намесніцы кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну, гаворыцца, што нам забаронена святкаваць Дзень Волі, бо «да заявы не прыкладзеныя дамовы, прадугледжаныя артыкулам 3 рашэння Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэту ад 10 ліпеня 2009 года № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску». Прадстаўніца ўладаў гэтым разам нават не абцяжарыла сябе пералікам адсутных дамоваў, як бывала раней», – распавёў Смолікаў праваабарончаму цэнтру «Вясна».

Паводле рашэння № 881, заяўнікам неабходна прыкладаць да сваіх зваротаў дамовы на абслугоўванне масавых вулічных мерапрыемстваў камунальнымі службамі, медыкамі і міліцыяй.

Гарадская паліклініка №1 і абласная міліцэйская ўправа – структуры, пра якія напісана ў тым самым рашэнні гарвыканкама, яшчэ ніводнага разу не падпісалі дамоваў з актывістамі. Кіраўніцтва паліклінікі заўжды спасылаецца ў адмовах на занятасць медперсаналу, а міліцэйскае начальства тлумачыць адмовы тым, што «абслугоўваць акцыі» супрацоўнікі будуць толькі пасля таго, як на гэтыя акцыі заяўнікамі будзе атрыманы дазвол.

Згаданае рашэння прынялі сем гадоў таму. З тае пары актывісты ходзяць па зачараваным коле: у горадзе пакуль не было дазволена аніводнай акцыі з ініцыятывы прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. За правядзенне акцыяў без дазволу партыйцам даюць штрафы і содні.

ДД

Стужка навінаў