Улады ўзмацняюць кантроль за Зыбіцкай: з’явіцца відэаназіранне і дадатковыя патрулі


Фота - bdz.by

Дырэктар КУП «Менская спадчына» Аляксандр Кохан заявіў, што набярэжную ракі Свіслач у раёне вуліцы Зыбіцкай у Менску абсталююць сістэмай відэаназірання ў мэтах «забеспячэнне грамадскай бяспекі».

«Пытанне падтрымання правапарадку ў начны час на гэтай тэрыторыі застаецца актуальным. Праца ў гэтым кірунку вядзецца адміністрацыяй раёну і сіламі РУУС, ГУУС, праведзена сустрэча з суб’ектамі гаспадарання, якія абслугоўваюць абʼекты грамадскага харчавання. Сумесна з РУУС вызначана, што тэрыторыя набярэжнай ракі паміж лініяй забудовы і зялёнай зонай будзе абсталявана відэаназіраннем», – сказаў ён.

Акрамя таго, будзе ўзмоцнена патруляванне тэрыторыі. Таксама вырашана, што музыкі тут будуць выступаць толькі да 23.00. – пасля гэтага для наведнікаў бараў ды рэстарацыяў уключаць фонавую музыку.

На вуліцы Зыбіцкай і побач з ёй размешчана вялікая колькасць бараў, рэстаранаў і клубаў. Там выступаюць вулічныя музыкі. У апошнія гады Зыбіцкая лічыцца «тусавачным» сэрцам Менску.

Час ад часу праваахоўнікі арганізоўваюць маштабныя праверкі і рэйды на Зыбіцкай.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Глядзі таксама
Каментары