Улады Украіны афіцыйна рэкамендавалі сваім грамадзянам не ездзіць у Расею


Міністэрства замежных спраў Украіны на афіцыйным узроўні рэкамендуе ўкраінцам устрымацца ад наведвання Расеі.

У МЗС Украіны нагадалі, што «на тэрыторыі дзяржавы-агрэсара ўзрасла колькасць неабгрунтаваных затрыманняў нашых суграмадзянаў».

«Расейскія праваахоўныя органы груба паводзяць сябе з украінцамі, ужываюць недапушчальныя метады фізічнага і псіхалагічнага ўздзеяння, катаванні і іншыя дзеянні, якія прыніжаюць чалавечую годнасць. Грамадзянам Украіны адмаўляюць у доступе да іх консулаў, адвакатаў», – дадалі ў ведамстве.

Міністэрства заявіла, што такімі дзеяннямі Расея груба парушае ўніверсальныя нормы міжнароднага права ў сферы выканання правоў і свабодаў чалавека і свае міжнародныя забавязанні.

«Улічваючы названае, а таксама ўлічваючы істотна абмежаваныя на цяперашні час магчымасці ўкраінскага боку забяспечыць належную бяспеку нашых суграмадзянаў на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, МЗС заклікае грамадзянаў Украіны ўстрымацца ад паездак у Расейскую Федэрацыю, а таксама ад праезду транзітам па тэрыторыі гэтай дзяржавы», – заявілі ў МЗС.

Раней у аўторак дырэктар палітычнага дэпартаменту МЗС Украіны Аляксей Макееў заявіў, што наведванне РФ зʼяўляецца небяспечным для ўсіх грамадзянаў Украіны. Ён таксама рэкамендаваў устрымацца ад паездак у гэтую краіну.

МЯ, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў