Улады стварылі банк дадзеных аматараў скардзіцца


У Беларусі знізілася колькасць хранічных скаржнікаў, заявіў на выязным прыёме ў Асіповіцкім райвыканкаме першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў.

«Але ўсё роўна такіх скаржнікаў хапае, ёсць вельмі шмат людзей, якім проста трэба пагаварыць. Сёння такі чалавек таксама быў на прыёме. І калі мы пачалі разбірацца, што яго ўсё ж хвалюе, то аказалася – практычна ўсё, што адбываецца ў краіне і нават за яе межамі. Таму на самой справе можна толькі парадавацца за яго грамадзянскую пазіцыю, паколькі чалавека хвалююць актуальныя рэчы», – перадае словы Рыжанкова БелТА.

Улады правялі аналіз і нават стварылі банк дадзеных тых, хто часта скардзіцца ў розныя інстанцыі і іх пытанняў.

На думку Рыжанкова, «нельга адрываць цэлыя ведамства зноў і зноў дзеля праверкі фактаў, якія ўжо дзясяткі разоў правераныя».

«Але ёсць і іншая тэндэнцыя, калі з такімі «прафесійнымі» скаржнікамі пагаворыш нармальна, убачыш і вырашыш нейкае ўпушчанае пытанне, то давер да ўлады ў іх падвышаецца і яны супакойваюцца », – сказаў Максім Рыжанкоў.

Чыноўнік запрапанаваў грамадзянам не скардзіцца на прыёмах, а падаваць свае пытанні ў пісьмовай форме, а на прыёмах варта абмяркоўваць больш канкрэтныя рэчы.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў