Улады разумеюць небяспеку «рускага міру». Інтэрв’ю з Вадзімам Мажэйкам і Андрэем Елісеевым


Вадзім Мажэйка і Андрэй Елісееў у студыі праграмы «ПраСвет»

Расейская «мяккая сіла» у Беларусі, як яна працуе, а таксама, што такое беларуская «мяккая сіла», і як выглядае расейская дэзынфармацыя. Госці праграмы «ПраСвет» – Андрэй Елісееў, даследчык EAST Сenter і Вадзім Мажэйка, аналітык Ліберальнага клубу.

Што такое «цвёрдая» расейская сіла мы бачым цяпер, калі пачаліся вучэнні «Захад». Але што такое «мяккая сіла» расейская на прыкладзе Беларусі?

Вадзім Мажэйка: Паводле азначэння адмыслоўца Джозэфа Ная, гэта такі канцэпт палітычнага ўздзеяння, якое грунтуецца не на прымусе, а на стварэнні прывабных умоваў, прывабных палітычных канцэптаў. «Мяккая сіла» дазваляе прыцягваць кагосьці на свой бок, дазваляе перамагаць нават без ужывання «сілы цяжкай». Канцэпт «рускага міру» – класічны прыклад «мяккай сілы», калі ствараецца пэўная сістэма, пэўныя погляды, якія з’яўляюцца цікавымі і прывабнымі шмат для якіх людзей, як гэта было ва Украіне, як гэта часам бывае ў Беларусі.

У выпадку расейскай «мяккай сілы» з аднаго боку, мы не бачым наўпроставага ўздзеяння, не бачым дзеянняў вайскоўцаў, але можам заўважаць нейкія дзеянні ці то грамадскіх арганізацыяў, ці то агентаў уплыву, якія могуць маскіравацца пад грамадскія арганізацыі. Дзейнасць медыяў, якія транслююцца дзяржавай, таксама адкрыта ці таемна ствараюць пэўная вобразы, якія выкарыстоўваюць дэзынфармацыю, постпраўду і такім чынам могуць перацягваць на свой бок.

Прыклады Крыму, Данбасу – гэта той момант, калі вялікія масы людзей, палітыкаў, сілавікоў могуць пераходзіць на бок праціўніка толькі таму, што ягоная ідэалогія ды ягоныя погляды, якія ён актыўна прасоўваў, падаюцца ім больш прывабнымі. Гэта небяспечна, таму што ад такіх «мяккіх» дзеянняў могуць быць вельмі сур’ёзныя наступствы.

Андрэй, Вы займаецеся даследаваннем расейскіх медыяў у Беларусі, расейскай дэзынфармацыяй. Якім чынам расейцы прасоўваюць свае ідэі, у тым ліку канцэпцыю «рускага міру» у Беларусі?

Андрэй Елісееў: Па-ранейшаму галоўным каналам медыйнага ўплыву з’яўляюцца тэлеканалы. З апытанняў бачна, што расейскія медыі ў некаторыя перыяды часу карыстаюцца большым даверам, у адсоткавых суадносінах, за беларускія. Гэта вельмі небяспечна, бо расейскія медыі вельмі папулярныя. Нават калі гаворка ідзе пра беларускія тэлеканалы: з аднаго боку яны лічацца нацыянальнымі беларускімі, з другога – яны рэтранслююць і маюць вялізны кавалак расейскага медыяпрадукту.

Паглядзіце, што цяпер адбываецца, напрыклад, на тэлеканале СТВ – гэта менскі тэлеканал, насамрэч агульнанацыянальны. Ён закупляе велізарную колькасць кантэнту з расейскага РЕН-ТВ, у тым ліку праграмы Пракапенкі, якія маюць скрыты шавіністычны расейскі змест. І ўсё гэта круціцца па некалькі гадзінаў штодня на беларускім агульнанацыянальным тэлеканале.

Гэта навуковыя па змесце праграмы, але трэба сказаць, якасна зробленыя на шырокую аўдыторыю і, вядома, яны маюць уплыў.

Вадзім, вы сказалі пра небяспеку ідэяў «рускага міру». Ці ў беларускіх уладах у калідорах не разумеюць гэтай небяспекі? Чаму Беларусь не рэагуе на гэта, а можа, рэагуе, але мы гэта не заўсёды бачым?

ВМ: У беларускіх уладных калідорах цудоўна гэтую небяспеку разумеюць. Як любое аўтарытарнае кіраўніцтва, якое клапоціцца пра тое, каб заставацца пры ўладзе, небяспека вонкавага ўплыву, і тым больш вонкавай акупацыі хвалюе яго значна ў большай ступені, чым мноства іншых грамадзянаў.

Безумоўна, улада спрабуе рэагаваць, і гэта вельмі абцяжарана тымі стасункамі, якія былі з Расеяй раней і якія захоўваюцца цяпер. Гэта вельмі супярэчлівыя пазіцыі, бо на прыкладзе Украіны бачна, што калі пэўная краіна спрабуе выйсці з-пад расейскага ўплыву вельмі хутка, моцна і сур’ёзна, ад гэтага могуць быць яшчэ горшыя наступствы. Таму з-пад гэтага ўплыву трэба выходзіць, але вельмі асцярожна, гнутка, і тым больш, гэта абцяжарана ўнутрыпалітычным беларускім становішчам.

Таму беларуская ўлада спрабуе праводзіць палітыку «мяккай беларусізацыі» таксама вельмі акуратна, вельмі асцярожна, вельмі прыхавана, часам дэкларуючы, што беларусізацыі няма. Пры гэтым, калі глядзець на рэальныя дзеянні, бачна, што палітыка змяняецца.

Якія канкрэтныя прыклады? Бо ў мяне складаецца ўражанне, што «мяккая беларусізацыя» – гэта больш тычыцца грамадства, журналістаў ды грамадскіх актывістаў. У чым інтарэс беларускіх уладаў, каб адсоўвацца ад Расеі? Усё цудоўна – ёсць крэдыты, датацыі…

ВМ: «Мяккая беларусізацыя», сапраўды, у першую чаргу заўсёды была грамадскім трэндам. На другіх ролях у яе быў і ёсць бізнес, трэцюю пазіцыю займае дзяржава, якая заўсёды рабіла менш, чым грамадства. І з большага, што дзяржава робіць – не перашкаджае працаваць грамадскім арганізацыям, такім як «Будзьма», «Арт-сядзіба». Пашырэнне поля магчымасцяў – гэта самае асноўнае і найбольш карыснае, чым пэўныя дні вышыванкі, якія ладзіць БРСМ, што таксама заўважная дзяржаўная дзейнасць.

Але чаму важна адсоўвацца ад Расеі? Бо бачна, што гэта небяспека. Калі зрабіць кантэнт-аналіз выказванняў кіраўніка краіны пасля Крыму, можна адразу заўважыць змену рыторыкі, калі больш не гучыць фраза пра тое, што «мы – адзіны народ, адное цэлае», а пачынаюць гучаць іншыя фразы, больш увагі прыцягваецца да беларускай мовы, да беларускай гісторыі. Вядома, не столькі ўвагі, як хацелася бы нам, як гэтага хацелася бы і гледачам «Белсату», у параўнанні з тым, як гэта робіць грамадства, але ўва ўладаў таксама ёсць з гэтым цяжкасці і палітычныя, і вонкавапалітычныя, і ўнутрыпалітычныя.

На мой погляд, нават калі цяпер улада і робіць недастаткова, але калі параўнаць з тым, што было 5 гадоў таму, ёсць пэўны прагрэс. Толькі ён часам хаваецца, калі ў людзей ёсць пэўны недавер да ўлады.

Пачаліся вучэнні «Захад», і ўжо адбыліся дзве інфармацыйныя падзеі. Ці яны кваліфікуюцца да дэзынфармацыі? Першая – расейскае танкавае войска, якое нібыта вырушыла з Масквы, але ў Беларусь не прыехала. Другая – паводле неафіцыйнай інфармацыі газеты «Коммерсант» Лукашэнка не паедзе ў Расею інспектаваць з Пуціным палігоны. Якія мэты гэтага «укіду»?

АЕ: Паведамленне на афіцыйным сайце Мінабароны Расеі пра тое, што танкавае войска вырушыць у Беларусь не з’яўляецца проста памылкаю. Вядома, гэта робяць дзеля таго, каб праверыць рэакцыю і заходніх грамадстваў ды дзяржаваў, і беларускага на тое, што наагул будзе адбывацца, якія грамадскія сілы, якія захады пачалі чыніць.

У Беларусі фактычна была цішыня, апрача заявы прадстаўніка беларускага Міністэрства абароны, і апрача ініцыятывы некалькіх асобаў – Паўла Севярынца ды ягоных паплечнікаў – вось і ўся рэакцыя.

Па-першае, Расея такім чынам правярае магчымую рэакцыю на падобныя паведамленні. Па-другое, калі спраўдзіць колькасць каментароў на асноўных беларускіх інтэрнэт-пляцоўках – бачны вал прарасейскіх антынатаўскіх каментатараў, што выглядае як пэўная кампанія, інспіраваная спецслужбамі.

Ваш каментар адносна візіту Лукашэнкі ў Індыю. Ці выпадкова Лукашэнка туды паляцеў за некалькі дзён перад вучэннямі «Захад»? Можа ён хацеў гэтым нешта паказаць Расеі?

ВМ: Падаецца, што ўсе візіты ў гэтыя далёкія краіны – звычайная частка беларускай так званай стратэгіі вонкавапалітычнай – вонкавай дугі, далёкай дугі, – якую мы спрабуем развіваць. Індыя мае вялікую гаспадарку, кантактаваць з ёй трэба, але заўсёды пытанне, што такім чынам мы спрабуем кампенсаваць дрэнныя адносіны, у тым ліку гаспадарчыя, з суседнімі краінамі.

АЕ: Візіт планаваўся нашмат раней, думаю, не было магчымасці перанесці гэтыя даты. Гэта супадзенне. Што да адносінаў, Індыя – адна з тых краінаў, адносна якіх Беларусь ставіць планы падвысіць абароты гандлю да 1 млрд, як і з Пакістанам, Інданезіяй. Насамрэч я не бачу прычынаў, каб гандаль з Індыяй настолькі ўзрос. 90 % экспарту Беларусі – калійныя ўгнаенні, нейкага абсягу тавараў, каб павялічыць на такія вялікія лічбы беларускі экспарт у Індыю, няма. Два асноўныя інтарэсы Індыі ў Беларусі – калійныя ўгнаенні ды ваенная тэхніка і абсталяванне.

Размова Сяргея Пелясы з Андрэем Елісеевым і Вадзімам Мажэйкам адбылася ў эфіры «ПраСвету» 15 верасня.

  • Што прынясе Беларусі гімнастыка Лукашэнкі паміж Кітаем ды Індыяй?
  • Анты«Запад». Што страціла Беларусь і хто гатовы да «чорнага сцэнару»?
  • Амерыканцы прыхавана падвоілі свае сілы ў Польшчы
  • Таццяна Чуліцкая: «Вейшнорыю прыдумалі каб яна адцягвала ўвагу ад рэальнасці»
Глядзі таксама
Каментары