Улады Расеі супакойваюць наконт валютнага саюзу з Беларуссю і Казахстанам


Стварэнне валютнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану ў межах Еўразійскага эканамічнага саюзу пакуль не пачынаецца. Пра гэта заявіў 30 сакавіка першы віцэ-прэм’ер Расейскай Федэрацыі Ігар Шувалаў.

Паводле ягоных слоў, спачатку гэтую тэму трэба будзе дакладна прапрацаваць на ўзроўні экспертаў, а спяшацца тут не варта, падае telegraf.by.

«Па валютна-манетарных саюзах будзем глядзець, якія плюсы і мінусы ёсць, будзем праводзіць дыялог і дакладваць вышэйшаму кіраўніцтву, калі будзе нейкае рэальнае напаўненне. Пакуль гэта праца для экспертаў. Не трэба рабіць памылак і спяшацца», – прыводзіць словы Ігара Шувалава «Інтэрфакс».

Намеснік кіраўніка расейскага ўраду ўдакладніў, што пасля ўзважвання ўсіх плюсаў і мінусаў, аналізу іншых валютных саюзаў, у тым ліку ў ЕЗ, будзе праводзіцца ацэнка гатовасці краін ЕАЭС пераходзіць да валютна-манетарнага саюзу. Калі ж гэтаму будуць перашкаджаць высокія паказнікі па інфляцыі, нестабільнасць нацыянальных валют, магчымы варыянт разгляду толькі пытання каардынацыі дзейнасці Нацбанкаў трох краін у рамках ЕАЭС.

Пытанне валютнага саюзу пакуль не сустрэла разумення ў Беларусі і Казахстане і будзе абмяркоўвацца на саміце ЕАЭС 8 траўня.

Тым часам Міністэрства эканамічнага развіцця Расеі ўжо аб’явіла пра гатовасць абмяркоўваць валютны саюз у ЕАЭС.

МЯ, паводле telegraf.by, interfax.by

Стужка навінаў