Улады прызначылі рэспубліканскі суботнік у 2016 годзе на 23 красавіка


Рэспубліканскі суботнік у Беларусі ў 2016 годзе пройдзе 23 красавіка – гэтую дату вызначае пастанова Савету міністраў ад 18 сакавіка 2016 года, паведамілі ў прэс-службе ўраду.

Згодна з пастановай, дзяржаўным органам і арганізацыям, падпарадкаваным ураду рэкамендавалі правесці рэспубліканскі суботнік на працоўных месцах або добраўпарадкаваць помнікі, пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны, тэрыторыі населеных пунктаў, падрыхтаваць дзіцячыя аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лагеры да летняга сезону.

Грашовыя сродкі, заробленыя на суботніку, будуць пераведзеныя ў аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам. Адтуль 50 % грошай пойдзе ў Міністэрства фінансаў.

Другая палова сродкаў застанецца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму. Іх могуць скіраваць на рэстаўрацыю, аднаўленне помнікаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны і гэтак далей.

Грашовыя сродкі, якія застаюцца ў распараджэнні Берасцейскага аблвыканкаму, накіроўваюцца таксама на будаўніцтва моладзевага патрыятычнага цэнтру ў Берасцейскай вобласці.

Грашовыя сродкі, пералічаныя Міністэрству фінансаў, будуць накіраваныя Гомельскаму аблвыканкаму на будаўніцтва Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай лякарні.

Працаўнікі, для якіх 23 красавіка 2016 года зʼяўляецца працоўным днём, маюць добраахвотна вызначыць, ці можа наймальнік затрымаць грошы, заробленыя працаўнікамі ў гэты дзень.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў