Улады праз аўкцыён прадаюць касцёл, у якім ахрысцілі бацьку Янкі Купалы

photo

Будынак касцёлу ва Уздзе. Фота belarus360.by

Уздзенскі раённы выканаўчы камітэт спрабуе прадаць Крыжаўзвіжанскі касцёл ва Уздзе, пабудаваны яшчэ ў 1798 годзе расейскім генералам Казімірам Завішам.

Касцёл акружаны каменнай агароджай з брамай, а ў пачатку ХХ стагоддзя да яго прыбудавалі цагляную апсіду.

Гэтак некалі выглядаў касцёл ва Уздзе. Фота radzima.org

У 1843 годзе ў гэтай святыні ахрысцілі Дамініка Луцэвіча – бацьку вялікага беларускага паэта і драматурга Янкі Купалы. Як і шмат якія рэлігійныя будынкі, у савецкі час гэты архітэктурны помнік быў перапрафіляваны ў раённы Дом культуры. У гэтым статусе ён і застаецца да гэтага часу.

Агульная плошча памяшканняў без скляпоў – 534 квадратныя метры. У будынку ёсць электрычнасць, ацяпленне, водаправод і каналізацыя.

Захавалася адрэстаўраваная агароджа з уязной брамай з буту і чырвонай цэглы, а ў апсідзе цяпер размяшчаецца кацельня.

Будынак двухпавярховы. На першым паверсе размешчаная глядзельная зала ўмяшчальнасцю 240 месцаў, гардэроб і складское памяшканне. На другім паверсе фае і 7 рабочых кабінетаў. Разам з будынкам пакупніку перадаецца ў арэнду на 99 гадоў зямельны ўчастак плошчай 0,3973 га.

Пачатковы кошт лота – Br 259 438 410 рублёў, ці крыху менш за $ 13 тыс.

Мэтавае прызначэнне будынку змяняць можна – галоўнае, каб пры рэканструкцыі ці рамонце быў захаваны яго вонкавы выгляд і «гісторыка-стылістычныя асаблівасці». Гэта значыць пераможца гандляванняў зможа адкрыць там, напрыклад, кавярню, міні-гатэль, рэстаран або офісы. Пры змене мэтавага прызначэння будынку, каб выкарыстоўваць яго для размяшчэння адміністрацыйных, грамадскіх, гандлёвых, жылых, забаўляльных абʼектаў, прадпрыемстваў па абслугоўванню насельніцтва і іншых вытворчасцяў, размяшчэнне якіх дапускаецца ў зоне жылой забудовы, можна будзе змяніць мэтавае прызначэнне і зямельнага ўчастка.

Гандляванні пройдуць 26 красавіка на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць».

МЯ, паводле tut.by

Глядзі таксама
Каментары