Улады працягваюць прэсінг на Кастуся Жукоўскага


Рэпартаж «Белсату» пра тое, чым падчас працы займаюцца нараўлянскія чыноўнікі

Міліцыянт з Нароўлі патэлефанаваў журналісту-фрылансеру і распавёў пра «прыцягненне да адказнасці».

Яму патэлефанаваў начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Нараўлянскага РАУС, маёр міліцыі Мікалай Ніканчык.

«Тут ад нашага Нараўлянскага гарвыканкаму паступіла паведамленне наконт таго, што вы выступілі нібыта ў сеціве інтэрнэт і гэтак далей. Карацей просяць разглядзець пытанне аб прыцягненні вас да адміністратыўнай адказнасці паводле артыкулу 22. 9 (Парушэнне заканадаўства аб медыях)», – заявіў маёр міліцыі.

На што Жукоўскі сказаў, што не адмаўляецца ад размовы з міліцыянтамі, але ў Нароўлю не паедзе. Замест гэтага журналіст прапануе выслаць супрацоўніка ў Гомель, які мог бы правесці апытанне.

Цікавасць Нараўлянскага гарвыканкаму да асобы Кастуся Жукоўскага зʼявілася пасля таго, як мясцовая чыноўніца… наехала на аператара Аляксея Атрошчанку, які працуе разам з Жукоўскім.

Такім учынкам вылучылася намесніца старшыні Нараўлянскага райвыканкаму Наталля Коваль, якая адказвае ў сваім раёне за ідэалагічную працу, ахову здароўя ды сродкі масавай інфармацыі. Пасля інцыдэнту чыноўніца, якая разам з іншымі калегамі ў працоўны час ездзіла на аўце па Нароўлі за незалежнымі журналістамі, паспрабавала зʼехаць.

Пра здарэнне Аляксей Атрошчанка адразу ж паведаміў у ДАІ. Цяпер нараўлянскія міліцыянты выклікаюць Кастуся Жукоўскага.

У Лоеве заяву Жукоўскага праігнаравалі

Разам з тым гомельскі журналіст атрымаў адказ з Лоеўскага РАУС наконт нападу, які падчас перадвыбарчага пікету здзейсніла на фрылансера мясцовая жыхарка. Яна некалькі разоў ударыла кулаком Кастуся Жукоўскага, пасля чаго ён напісаў заяву ў міліцыю.

З Лоеўскага РАУС прыйшоў адказ, у якім патлумачылі адмову ў завядзенні крымінальнай справы. Таксама лоеўскія міліцыянты не пабачылі ў дзеяннях жанчыны дробнага хуліганства, але пабачылі прыкметы «наўмыснага нанясення цялесных пашкоджанняў». А паколькі, як сцвярджаюць у Лоеўскім РАУС, Кастусь Жукоўскі і Аляксей Атрошчанка «катэгарычна адмовіліся прыязджаць паўторна і даваць тлумачэнні», а ступень атрыманых Жукоўскім пашкоджанняў не ўсталяваная, то і падставаў для завядзення справы няма.

«Да мяне з Лоева ніхто не звяртаўся», – кажа Аляксей Атрошчанка.

А Кастусь Жукоўскі піша абскарджанне на рашэнне міліцыі. Паводле яго, «жанчыну падаслалі і яна казала, што ёй нічога не будзе».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў