Улады плануюць Еўрапейскія гульні, але за год не змаглі адрамантаваць нават басейну ў Гомлі

video

Пакуль Лукашэнка рыхтуе Беларусь да Еўрапейскіх гульняў у 2019-ым годзе, якія Азербайджану, па розных ацэнках, абышліся ад аднаго да пяці мільярдаў долараў, у гомельскім бюджэце бракуе грошай на рэканструкцыю басейну «Дэльфін», што месціцца ў другім з велічыні раёне гораду. Летась у снежні басейн закрылі на рамонт, але дасюль нічога не зрабілі.

«Мы заўсёды хадзілі сюды ўсе-ўсе. Ужо прызвычаіліся да нашага прыгожага басейну. І Савецкі раён такі вялікі і няма басейну», – кажа жыхарка Савецкага раёну Гомля Жанна Сцяпанаўна.

Цяпер насельніцтву на амаль 180 тысячаў чалавек даводзіцца карыстацца басейнам на другім канцы гораду, да якога толькі ў адзін бок ехаць як мінімум гадзіну.

«Найбліжэйшы басейн у Лядовым палацы – гэта вельмі далёка ездзіць, і невядома, якая там цана. Я памятаю па сваім Савецкім раёне, басейн быў вельмі якасны ў адносінах да кошту і ўсяго», – заўважыў актывіст Зміцер Недзін з руху «За свабоду».

У 2014 годзе кіраўніцтва аддзелу спорту і турызму Савецкага раёну Гомля распрацавала праект аб кошце будучай рэканструкцыі. Аднак лічба на як мінімум 15 мільярдаў недэнамінаваных беларускіх рублёў аказалася цяжарам для мясцовага бюджэту. Аднак гамельчукі лічаць, што справа ў некампетэнтнасці чыноўнікаў.

«Што ўжо не стае ў горадзе грошай на басейн? Савецкую ўжо дзесяць разоў перарабіць дык можна было перад прыездам прэзідэнта…», – падкрэсліла адна з жыхарак Савецкага раёну Гомля.

Сёлета ўвесну мясцовыя жыхары адправілі калектыўную заяву старшыні Гомельскага гарвыканкаму Пятру Кірычэнку з просьбаю як мага хутчэй адрамантаваць басейн. Адказ атрымалі стандартны – грошай няма.

«І колькі не тэлефануеш, усё кажуць «пачакайце – грошай няма». Дык колькі ж можна? Вы расплануйце правільна – туды крыху, сюды крыху. Што гэта за такое? Хто там сядзіць?» – заўважыла жыхарка Савецкага раёну Гомля Жанна Сцяпанаўна.

«Белсат» таксама паспрабаваў датэлефанавацца ў Гомельскі гарвыканкам і ў аддзел адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Савецкага раёну. Аднак не атрымалі нават адказу пра адсутнасць грошай у бюджэце – слухаўкі ніхто не зняў.

На сённяшні дзень у Савецкім раёне працуе толькі «Зала сухога плавання». Толькі вось дзяцей туды набіраюць не больш за 80, бо не стае месцаў для трэнаванняў. Ды і працуе зала толькі ў суботы. Вось і даводзіцца мясцовым жыхарам марнаваць час на дарогу ў суседнія раёны дзеля наведвання спартовых установаў.

Жыхары Савецкага раёну Гомля кажуць:

«А нам наагул нязручна ў 58-ую школу ў басейн хадзіць».

«У Савецкім раёне адзін Дом культуры, адзіны басейн і што з яго сталася? Рукі ўсе апусцілі».

«Мы нікуды не возім. Проста дзеці кідаюць мячык – і ўсё».

Цяпер мясцовыя жыхары чарговы раз збіраюць подпісы ў Гомельскі гарвыканкам і спадзяюцца, што праца басейну ўсё ж такі адновіцца.

Кацярына Ерусалімская, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары