Улады пастанавілі, каб у беларускіх крамах абавязкова было «бырла»


У Беларусі прынялі новы асартыментны спіс для аб’ектаў грамадскага харчавання: алкагольная карта ў меню папоўніцца новымі пазіцыямі айчынных спіртных напояў. Змены ў рэалізацыі алкагольных напояў закрануць і крамы. Нароўні з вінаграднымі вінамі іх абавязалі прадаваць пладовыя і пладова-ягадныя.

Усе беларускія кавярні, бары і рэстараны мусяць у 2 разы павялічыць колькасць відаў алкаголю ў меню, паведамілі tut.by ў аддзеле арганізацыі грамадскага харчавання Мінгандлю. Па астатніх тыпах аб’ектаў асартымент алкаголю будзе пашыраны ў 1,5 разы. Перадусім змены закранулі беларускую гарэлку, шампанскае і каньяк.

Гэтак, кавярня класу «люкс», у якой ёсць спецыяльны дазвол на раздробны гандаль алкаголем, абавязаная мець у асартыменце 54 віды спіртных напояў, у тым ліку 23 разнавіднасці гарэлкі, 8 – каньяку і (або) брэндзі, 7 відаў лікёра-гарэлачных вырабаў, 8 варыянтаў шампанскага або пеністага віна і столькі ж – вінаградных вінаў.

«Мэта – продаж айчыннай прадукцыі, – тлумачыць начальнік аддзелу Ларыса Камарова. – Абарона ўнутранага рынку, не толькі алкаголю, але і ўсіх астатніх тавараў. Прадаем сваё, а не кормім Захад. Пры гэтым субектам ніхто не забараняе мець імпартны тавар».

Падпарадкоўвацца новым правілам мусяць кавярні і рэстараны ўсіх тыпаў, у тым ліку тыя, якія спецыялізуюцца на рэалізацыі піва або добрых вінаў. Адзіным выключэннем з гэтага спісу сталі кава-кавярні. З абавязковага пераліку прадукцыі для гэтых устаноў наагул выключылі гарэлку (раней яе прысутнасць у меню была абавязковая, што выклікала ва ўладальнікаў здзіўленне), затое дадалі асартымент шампанскага. Па ўсіх астатніх алкагольных напояў пералік для кава-кавярняў застаўся ранейшым.

Глядзіце яшчэ >>> «Спажываю алкаголь у вельмі вялікай колькасці, бо спадар Лукашэнка нам стварыў такое жыццё»

Міністэрства гандлю таксама ўсталявала максімальную нацэнку ў памеры 60 % на беларускі алкаголь мацункам звыш 28 % у аб’ектах грамадскага харчавання. Гэтая захада дазволіць знізіць кошты на айчынныя спіртныя напоі ў кавярнях і рэстаранах, адзначаюць у ведамстве.

Яшчэ адно змяненне на ўнутраным алкагольным рынку закранула аб’екты гандлю. Згодна з пастановай Мінгандлю № 24 ад 26 жніўня 2015 года, крама, якая прапануе пакупнікам вінаградныя віны, мусіць абавязкова мець таксама пладовыя і пладова-ягадныя віны, якія ў народзе клічуць «бырлам». У Мінгандлі падкрэсліваюць, што гэтае патрабаванне не датычыцца аб’ектаў грамадскага харчавання. Ніхто не прымушае ўладальнікаў рэстаранаў і кавярняў уключаць у меню беларускае віно – гэта права ўстановы.

Чытайце яшчэ >>> Вып’ем за Мінфін: як расейская паленая гарэлка заліла Беларусь

«Як наконт вярнуць права піць у грамадскіх месцах?»

20 жніўня Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў урад за нерашучасць у прыняцці захадаў па абароне ўнутранага рынку алкаголю. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што расце імпарт спіртнога, яго нелегальны абарот і ў той жа час скарачаецца айчынная вытворчасць. Хутка пасля нарады рушыла ўслед зняцце абмежаванняў на продаж алкагольных напояў уночы ў Менску і змяненне асартыментных пералікаў.

МЯ, паводле tut.by

Стужка навінаў