Улады пасля ІП бяруцца за медыкаў?


Медычныя цэнтры могуць згубіць ¼ працаўнікоў з-за новых правілаў ліцэнзавання. Паводле ўказу № 475, які набывае моц сёння, працаваць у прыватных клініках і санаторыях змогуць толькі спецыялісты першай і найвышэйшай катэгорыі. Найбольш пацярпяць невялікія медцэнтры і прыватныя стаматалагічныя кабінеты.

Згодна з новымі правіламі, першую катэгорыю мусяць мець не толькі дактары, але і ўвесь медычны персанал. Дзеля яе атрымання стаж адмыслоўца не можа быць меншы за 5 гадоў. Інфармацыю пра выкананне новых патрабаванняў да 1 чэрвеня трэба падаць у Міністэрства аховы здароўя.

«Калі спецыяліст нармальны, хай не вышэйшай катэгорыі, то ўсё добра, можа працаваць», – мяркуе жыхарка Менску.

«Гэтыя дактары папоўняць шэрагі беспрацоўных», – прагназуе жанчына.

«Каб атрымаць катэгорыю, усе гэтыя дактары вучацца ў звычайных паліклініках на нас, простых грамадзянах. З іншага боку, хаця б тут будзе адсякацца ўсялякі непрафесіяналізм», – зазначае мінак. «Калі плаціш грошы, трэба ведаць, за што плаціш», – кажа малады мужчына.

Указ, прыняты Лукашэнкам, забараняе дактарам і медсёстрам пасля заканчэння вучобы ўладкоўвацца на працу да прыватнікаў. Мінімум 5 гадоў медыкі мусяць адпрацаваць у дзяржаўных шпіталях і паліклініках. Адначасова ўказ цалкам адмяняе ліцэнзаванне для дзяржаўных медцэнтраў і паліклінік.

«Логіка напэўна такая, што ў дзяржаўных установах аховы здароўя ўзровень упадзе, бо ў дзяржаўных паліклініках змогуць працаваць і без катэгорыі спецыялісты, і з больш нізкімі катэгорыямі», – распавядае Тамара Каралёва, дырэктарка Асацыяцыі прыкладной эстэтыкі ды СПА.

Апроч іншага, новы ўказ б’е па санаторыях – большасць з іх у Беларусі прыватныя. На думку экспертаў, змены ў ліцэнзаванні прывядуць да масавых звальненняў і банкруцтва некаторых дробных арганізацыяў, а інвестыцыі ў медычную сферу рэзка знізяцца.

Настасся Храловіч, «Белсат»

Стужка навінаў