Улады пачалі рыхтаванні да фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў?

video

Дзяржава ўсцяж блакуе спробы грамадскасці вылучыць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Апазіцыянеры судзяцца і не здаюцца: наперадзе збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў.

Суд – на баку Цэнтрвыбаркаму. Менскі гарадскі суд не задаволіў скаргу групы грамадзянаў на неўключэнне праваабаронцы Тамары Сідарэнкі ў склад 101-ай Сухараўскай выбарчай акругі, дзе падчас сёлетняй выбарчай кампаніі плануе балатавацца намеснік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец.

«Тамару Сідарэнку не ўключылі, бо яна вельмі кваліфікаваны юрыст, яна прыстойны чалавек ды будзе кіравацца законам, а не пажаданнем адміністрацыі. Так ці інакш улады прымаюць шэраг важных рашэнняў ды хочуць кантраляваць выбарчы працэс», – упэўнены Алесь Лагвінец, намеснік старшыні Руху «За Свабоду».

Суд, які, на здзіўленне, вёўся цалкам па-беларуску, палічыў скаргу групы грамадзянаў неабгрунтаванаю. Такое ж рашэнне днямі вынес і Берасцейскі абласны суд, які адмовіўся задаволіць скаргу прадстаўнікоў Руху «За Свабоду» на неўключэнне ў склад камісіяў яго рэгіянальных прадстаўнікоў. У выніку ў тэрытарыяльныя і акруговыя выбаркамы трапілі толькі два прадстаўнікі руху з 48-мі.

«Калі паглядзець на спіс людзей па сённяшняй 101-ай выбарчай акрузе, то можна пабачыць, што там людзі, якія прадстаўляюць, па большай ступені, інтарэсы ўладаў, нягледзячы на тое, што яны нібыта прадстаўляюць народ. Гэта БРСМ, прадстаўнікі «Белай Русі» і гэтак далей – то бок праўладныя арганізацыі», – зазначае Алесь Лагвінец.

Але Рух «За Свабоду» не здаецца – акурат сёння распачаўся збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты, які працягнецца да 1 жніўня ўключна.

«Я вылучаюся шляхам збору подпісаў, таму што лічу: трэба выкарыстоўваць кожны дзень выбарчай кампаніі. Збор подпісаў – гэта дадатковы месяц камунікацыі з людзьмі, размоваў, сустрэчаў, атрымання іхных ацэнак і пажаданняў тых зменаў, якія мусяць адбыцца ў Беларусі», – мяркуе Юрась Губарэвіч, першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду».

«Я паставіла подпіс за Вольгу Маёраву. Чаму? Мне падабаецца, што там яна з сабачкам

Збор подпісаў распачаў не толькі рух «За свабоду», але і іншыя прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі: «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» ды Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

«Я паставіла подпіс за Вольгу Маёраву. Чаму? Ну, па-першае, я нешта ўжо чытала пра яе. Па-другое, мне падабаецца, што там яна з сабачкам. А па-трэцяе, фізіянамічна яна нармальны чалавек», – кажа пра свой выбар жыхарка Менску».

Лідар АГП Анатоль Лябедзька зазначае, што пасведчанні ініцыятыўным групам ЦВК мусіў выдаць яшчэ 2 ліпеня.

«Вядома, не хацелі, каб гэтак званае свята 3 ліпеня прайшло пад бел-чырвона-белымі сцягамі, каб тут не гучалі крытычныя прамовы, таму проста плюнулі на заканадаўства», – звяртае ўвагу Анатоль Лябедзька, лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

Зарэгістраваць кандыдатаў Цэнтральная выбарчая камісія мусіць з 2 да 11 жніўня ўключна. Пасля гэтага патэнцыйныя дэпутаты змогуць праводзіць агітацыйную кампанію. Самыя ж парламенцкія выбары адбудуцца крыху больш чымся праз два месяцы – 11 верасня.

Віталь Бабін, «Белсат», фота – freesmi.by

Глядзі таксама
Каментары