Улады Нямеччыны заплацяць € 100 тысяч за дапамогу ў пошуках падазраванага ў тэракце


Аб'ява пра пошук падазраванага ў тэракце. Фота dw.com

Пасля тэракту ў Берліне Федэральная пракуратура Нямеччыны папрасіла насельніцтва дапамагчы злавіць падазраванага ў тэрарызме народзінца Тунісу Аніса А. За інфармацыю, якая прывядзе да затрымання меркаванага тэрарыста, абвешчаная ўзнагарода ў памеры € 100 тысяч.

У паведамленні пракуратуры, апублікаваным у сераду, 21 снежня, насельніцтву рэкамендуецца праяўляць асцярожнасць.

«Не падвяргайце сябе небяспецы, бо гэты чалавек можа быць схільны да гвалту і ўзброены!» – гаворыцца ў дакуменце.

Аніс А. вядомы нямецкім уладам як небяспечны ісламіст. Тых, хто выявіць 24-гадовага падазраванага, просяць неадкладна паведаміць у паліцыю.

Паводле паведамленняў медыяў, у цяжкавіку, які быў выкарыстаны для тэракту ў Берліне, знойдзеныя дакументы на імя саіскальніка прытулку з дакументам аб адтэрміноўцы дэпартацыі. Паводле крыніц у сілавых структурах, Аніс А., аднак, меў некалькі пасведчанняў асобы.

У выніку тэракту ў Берліне вечарам 19 снежня загінулі 12 чалавек, яшчэ каля 50 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Затрыманага першапачаткова пакістанца выпусцілі на свабоду праз адсутнасць доказаў ягонай віны.

«Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасць за тэракт у Берліне

МЯ, паводле dw.com

Глядзі таксама
Каментары