Улады Менску вывучылі досвед Вільні і хочуць перарабіць будынкі «Гарызонту» у кватэры і офісы


У сталіцы плануюць перарабіць прамысловыя будынкі, якія не выкарыстоўваюцца.

Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар дзяржаўнага вытворчага абʼяднання «Менскбуд» Фёдар Рымашэўскі на аператыўнай нарадзе ў Менгарвыканкаме.

Спецыялісты «Менскбуду» вывучылі досвед Вільні па перапрафіляванні і рэканструкцыі прамысловых будынкаў, якія пустуюць, пад жылыя і офісныя памяшканні ў стылі лофт.

«Пры рэканструкцыі ў стылі лофт памяшканне вызваляецца ад старога абсталявання, усталёўваюцца перагародкі, вырабляецца разводка мясцовых камунікацыяў, аздабленне месцаў агульнага карыстання, абнаўляецца фасад. Кватэры і офісы здаюцца, як правіла, без аздаблення. Чыставое аздабленне магчымае па індывідуальным пажаданні заказчыка. Кошт продажу перапрафіляваных памяшканняў у Вільні складае ад 1 тыс. Да 1,8 тыс. еўраў за 1 кв. м.», – адзначыў Рымашэўскі.

У Менску ўжо вывучаныя вытворчыя плошчы ААТ «Гарызонт», якія не выкарыстоўваюцца.

Чытайце таксама >>> Эколагі заклікаюць захаваць менскую Асмалоўку

«Гэта будынак аналагічны тым, што мы бачылі ў Вільні. «Гарызонт» гатовы пачаць працэс перапрафілявання гэтага квартала, а «Менскбуд» – ажыццявіць поўны комплекс будаўніча-мантажных працаў», – дадаў гендырэктар «Менскбуду».

Гаворачы пра перавагі такога перапрафілявання прамысловых плошчаў Фёдар Рымашэўскі назваў прыцягненне інвестыцыяў, загрузку будаўнічых арганізацыяў, адсутнасць выдаткаў, звязаных са зносам будынкаў, закрытую ўнутраную тэрыторыю для камфортнага пражывання і адносна невысокі сабекошт.

Папярэдні разлік адносна пляцоўкі «Гарызонту» паказаў, што сабекошт з усімі выдаткамі, у тым ліку вызваленнем дваровай тэрыторыі, складзе $ 600 за 1 кв. м.

НМ, belsat.eu, паводле «Менск-навіны»

Стужка навінаў