Улады Менску рэкамендуюць беларускую мову на шыльдах


Менскі гарадскі выканаўчы камітэт рэкамендуе пісаць словы і тэксты для рэкламных шыльдаў на беларускай мове, калі іх размяшчэнне мяркуецца на будынках, якія ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць.

«Гэта дапаможа стварыць нацыянальны антураж. Таму мы разам з камітэтам архітэктуры і горадабудаўніцтва рэкамендуем, каб у выпадках, калі гэта магчыма, шыльды і рэклама былі на беларускай мове. Пра гэта нас просіць насельніцтва», – паведаміла карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» начальнік аддзелу па кантролі за рэкламай і абароне правоў спажыўцоў упраўлення гандлю і паслуг Менгарвыканкаму Ірына Летняк.

У адпаведнасці з нормамі беларускага заканадаўства тэкст вонкавай рэкламы можа быць пададзены на любой мове, калі гэта рэклама (шыльда) зарэгістраваных таварных знакаў. Калі ж напісаны на замежнай мове рэкламны тэкст уключае словы, якія не ёсць таварным знакам, ён мусіць суправаджацца перакладам на расейскую або беларускую мову.

МЯ, паводле minsknews.by

Стужка навінаў