Улады Горадні зачынілі галерэю «Крыга» праз замураванае вакно


Гарадскія ўлады апячатваюць памяшканне галерэі

Гарадскія ўлады ўварваліся ў галерэю, якая дзейнічала разам грамадскай пляцоўкай «Цэнтр гарадскога жыцця» і паведамілі, што з сённяшняга дня горад разрывае дамову арэнды.

«Каля 11-й гадзіны раніцы мне патэлефанавалі і сказалі, што прыйдуць з гарадзенскай камунальнай службы апячатваць памяшканне, якое я арэндную з 2010 года», – кажа спадар Юрась Мацко, уладальнік галерэі «Крыга».

Фармальнай прычынай, якую назвалі гарадскія ўлады, стала вакно ў адным з пакояў, якое ўладальнік галерэі Юрась Мацко некалькі гадоў таму замураваў. Улады палічылі гэта самавольнай перапланіроўкай і разарвалі дамову.

Пакой у галерэі “Крыга”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Сам Юрась Мацко лічыць такі крок неабгрунтаваным і незаконным. Пра разарванне дамовы яго не папярэдзілі, хоць самі прадстаўнікі гарадскіх службаў сказалі, што высылалі заказны ліст. Квіток аб высылцы ўладальніку галерэі ніхто не паказаў.

Пакой галерэі “Крыга”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Юрась Мацко плануе абскарджваць рашэнне ўладаў.

«Такія дзеянні гавораць аб тым, што ўладам культура непатрэбная. Я не думаю, што ў нас там былі нейкія палітычныя выступы. Цалкам магчыма. Што тут з’яўляюцца эканамічныя прычыны. Пасля майго рамонту пакоі былі ў вельмі добрым стане. Відаць, камусьці яны спатрэбіліся. Вельмі шкада. З галерэяй быў звязаны вялікі кавалак майго жыцця і маёй жонкі», – кажа спадар Юрась.

З галерэяй «Крыга» звязаная цэлая дэкада культурніцкага жыцця Горадні, дзе акрамя выставаў цягам амаль 10-ці гадоў адбываліся прэзентацыі кніг, а таксама іншыя сустрэчы з культурнымі і грамадскімі дзеячамі Беларусі.

Галерэя “Крыга”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Апошнія гады галерэя «Крыга» дзейнічала разам з Цэнтрам гарадскога жыцця, які таксама актыўна займаецца прасоўваннем беларускай культуры. Кіраўнік Цэнтру Павал Мажэйка, паведаміў, што, нягледзячы на гэтыя падзеі, Цэнтр гарадскога жыцця будзе працягваць сваю дзейнасць.

Цэнтр Гарадскога жыцця. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«На жаль, цяпер у нас будзе менш прасторы для мастацтва, але мы будзем працягваць рабіць выставы», – кажа Павал Мажэйка.

Кіраўнік Цэнтра Гарадскога жыцця Павал Мажэйка. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Акрамя таго, гарадскія ўлады сарвалі выставу вядомага беларускага скульптара Андрэя Вераб’ёва, якая павінна была дзейнічаць да 22-га лістапада.

ПВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары