Улады французскага Кале высяляць з «джунгляў» 1000 мігрантаў


Мігрантам далі тыдзень на тое, каб пакінуць скандальна вядомае нелегальнае паселішча. Часта яго называюць «джунглі». Месца стварае не найлепшы вобраз партоваму гораду Кале.

«Надышоў момант рухацца наперад, ніхто не можа жыць у паўднёвай частцы лагер, кожны павінен яе пакінуць», – заявіла прадстаўніца нацыянальнага ўраду ў Кале Фабен Бюсю.

Паводле яе ацэнак, «перасяленне» закране да тысячы асобаў. Для гэтых людзей прыгатавалі 750 кантэйнераў з ацяпленнем і электрычнасцю.

«Зараз такі момант, калі мігранты альбо вяртаюцца ў паўночную частку лагеру (якую кантралюе дзяржава) альбо накіроўваюцца ў іншыя французскія цэнтры для мігрантаў», – заўважыла Бюсю.

Але наўрад ці мігранты добраахвотна скарыстаюцца рэкамендацыяй, нават нягледзячы на тое, што прыгатаваныя кантэйнеры маюць лепшыя ўмовы для жыцця. Справа ў тым, што, пражываючы ў афіцыйным лагеры, ім будзе складана трапіць у Вялікую Брытанію: мігранты штодня спрабуюць нелегальна перасекчы мяжу, бо Туманны Альбіён зʼяўляецца галоўнай мэтай жыхароў «джунгляў».

Прадстаўнікі ўладаў у панядзелак наведаюць нелегальны лагер і паведамяць яго жыхарам пра тое, што трэба пакінуць тэрыторыю цягам тыдня.

«Джунглі» утварыліся стыхійна, французскія ўлады лічаць гэтае месца трушчобамі. У студзені частка нелегальнага паселішча была знесеная.

НМ, belsat.eu, паводле France24

Стужка навінаў