Улады ДНР і ЛНР не вераць, што Кіеў усталюе кантроль над усёй мяжой з Расеяй


Баевікі ДНР. Фота tsn.ua

У кіраўніцтве самаабвешчаных рэспублік Данбасу скептычна ставяцца да заявы Кіева аб магчымым аднаўленні кантролю на ўсёй працягласці дзяржаўнай мяжы з Расеяй ужо ў 2016 годзе.

«Пакуль казаць тут няма пра што. Нейкае абмеркаванне гэтага пытання можа пачацца толькі тады, калі Кіеў цалкам выканае ўвесь комплекс захадаў, а да гэтага яшчэ далёка. Раней ніякіх размоў на гэтую тэму быць не можа», – заявіў «Інтэрфаксу» паўнамоцны прадстаўнік самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі (ЛНР) Уладзіслаў Дэйнэга.

У сваю чаргу намеснік міністра абароны самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі (ДНР) Эдуард Басурын назваў заявы Кіева «нічым не падмацаванымі фантазіямі Украіны».

«Гэта ўсяго толькі хаценне Кіева, не больш за тое. Да таго ж пашпартны кантроль яны ўжо аднавілі на новых межах, гэта значыць, уздоўж лініі судакранання. Дэ-факта там ужо іх мяжа, і памежныя службы Украіны там працуюць», – сказаў Басурын.

Раней кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Віктар Назаранка заявіў, што спадзяецца на вяртанне кантролю над усёй дзяржаўнай мяжой з Расейскай Федэрацыяй у 2016 годзе.

«Што датычыць вяртання ўчастка ў 409,3 км, які мы на сённяшні дзень не кантралюем, мы рыхтуемся да гэтага моманту, бо гэта адна з умоў менскіх пагадненняў», – заявіў Назаранка на прэс-канферэнцыі ў Кіеве ў аўторак.

Паводле яго, ведамства рыхтуецца арганізацыйна, структурна, рыхтуе людзей, тэхніку і адпрацоўвае ўзаемадзеянне з Узброенымі сіламі Украіны ды іншымі сілавымі структурамі.

Назаранка адзначыў, што ўкраінскія памежнікі таксама актыўна супрацоўнічаюць з АБСЕ ў гэтым пытанні. «Калі час будзе вызначаны, я ўпэўнены, што служба будзе гатовая выйсці на мяжу. Для нас гэта будзе лепшы падарунак. Спадзяюся, такую ​​магчымасць нам падорыць новы год», – сказаў Назаранка.

МЯ, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары