Улады дазволілі павысіць цэны з 20 лютага


Новыя правілы фармавання рознічных цэнаў пачнуць дзейнічаць з 20 лютага.

Міністэрства гандлю і Міністэрства эканомікі пазначылі ў супольным лісце, што новыя рэкамендаваныя правілы фармавання цэнаў тычацца юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія вырабляюць альбо пастаўляюць тавары ў Беларусь. Новыя рэкамендацыі не закрануць манапалістаў, падае іnterfax.by.

Цяпер павышаць адпускныя цэны вытворцы могуць толькі на велічыню змены кошту сыравіны і матэрыялаў, камплектавальнікаў, тары і ўпакоўкі, якія паступілі пасля 18-га снежня 2014 года, а таксама энерганосьбітаў, паліва (у тым ліку, нафтапрадуктаў), з улікам іх долі ў адпускной цане.

На імпартныя тавары, якія прыбылі ў Беларусь пасля 18-га снежня 2014 года, можна павялічваць адпускную цану не больш чым на 1% змены курсу беларускага рубля да валюты, пра якую вялося ў дамове, у параўнанні з 18 снежня 2014 года. Рэнтабельнасць продажаў па канчатковым фінансавым выніку не павінна перавышаць 3%, падае freesmi.by.

Юрыдычным асобам і прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць аптовы і раздробны гандаль, дазволена таксама ўжываць гандлёвыя надбаўкі. Пры гэтым рэнтабельнасць продажаў па канчатковым фінансавым выніку ў дадзеным выпадку таксама не можа перавышаць 3%.

Гародніну і садавіну будуць прадаваць па коштах, якія не будуць перавышаць межы, устаноўленыя аблвыканкамамі і Менскім гарвыканкамам на студзень 2015 года.

МЯ, паводле іnterfax.by, freesmi.by.

Стужка навінаў