Улады дазволілі Партыі БНФ правесці ў Слуцку дэманстрацыю і мітынг да гадавіны Слуцкага збройнага чыну


Слуцкі райвыканкам дазволіў правесці ў горадзе 28 лістапада дэманстрацыю і мітынг з нагоды 95-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну. Адпаведнае рашэнне атрымалі заяўнікі акцыі – старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і кіраўнік слуцкай арганізацыі партыі Віталь Амяльковіч.

Як паведамляе прэс-служба Партыі БНФ, на арганізатараў дэманстрацыі і мітынгу ўскладаецца абавязак забяспечыць грамадскі парадак у адпаведнасці з заканадаўствам.

Збор удзельнікаў мерапрыемства распачнецца а 14:30 ля будынку Слуцкага краязнаўчага музею. Адтуль калона дэманстрантаў рушыць па ходніках да гарадскога парка культуры і адпачынку на вуліцы Віленскай, дзе запланаваны ўрачысты мітынг ушанавання памяці ўдзельнікаў Слуцкага паўстання 1920 года, падае БелаПАН.

У акцыі плануюць узяць удзел прадстаўнікі Партыі БНФ, руху «За Свабоду», руху салідарнасці «Разам», арганізацыі «Моладзь БНФ» ды іншых аб’яднанняў. «Малады фронт» мае намер правесці ганаровае прыняцце прысягі новымі актывістамі арганізацыі.

«Зараз вядуцца таксама перамовы пра правядзенне пасля мітынгу ў Слуцку творчай сустрэчы з гісторыкамі, якія даследуюць падзеі антыбальшавіцкага супраціву на Случчыне», – гаворыцца ў паведамленні БНФ.

Слуцкі збройны чын 1920 года быў спробай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку. Цягам месяца, у лістападзе–снежні, вайсковыя атрады, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціўленне савецкім войскам.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў