Улады Берасця тлумачаць, чаму не забароняць канцэрт шансанье Каліны


Канцэрт Віктара Каліны ў Берасці запланаваны на 15 лістапада. Берасцейцы звярнуліся да мясцовых уладаў з патрабаваннем адмяніць выступ. Некаторыя ўжо атрымалі адказы за подпісам намесніка старшыні гарвыканкаму Сяргея Жукава і начальніка ідэалагічнага аддзелу Генадзя Іванчына.

Дзясяткі зваротаў да органаў улады, 1000 подпісаў беларусаў пад адмысловай петыцыяй з патрабаваннем забараніць канцэрт Віктара Мілько (Каліны) – не сталіся аргументам для берасцейскага гарвыканкаму, прадстаўнікі якога ў сваіх адказах паведамілі, што для забароны канцэрту павіны быць важкія падставы.

«Я атрымала адказ з аддзелу ідэалогіі гарвыканкаму, там сказана, што для адмены канцэрту павінны быць важкія падставы, прадугледжаныя Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры. Вось толькі падобна, што той хто адказваў сам гэты кодэкс і не чытаў. Бо тыя довады, што я прывяла ў сваім звароце, наконт дзейнасці Каліны на Данбасе і творчасці ўхваляючай тамтэйшых сепаратыстаў, а таксама ягоныя агрэсіўныя выказванні ў сацсетках, менавіта гэта ўсё супярэчыць нашаму культурнаму кодэксу. У законе напісана, што падставай для забароны культурніцкай дзейнасці ёсць распальванне нецярпімасці, варожасці, прапаганда экстрэмісткай дзейнасці, вайны, гвалту, падбухторвае да ўчынення злачынстваў. Я калі гэта пералічваю ў мяне адчуванне, што гэта не пункт закону, а рэцэнзія на творчасць Каліны, тут усё супадае» – гаворыць берасцейская журналістка Мілана Харытонава.

Тэлефон гарачай лініі Міністэрства культуры аказаўся нумарам сакратара прыёмнай – там нам па пытанні адмены канцэрту параілі звярнуцца ў мясцовыя органы ўлады, а таксама паведамілі, што Віктар Мілько не мае на тэрыторыі Беларусі статусу творчага работніка.

На зварот берасцейца Мікалая Савейкі адказаў намеснік старшыні гарвыканкаму Сяргей Жукаў, але напісана ў адказе тое ж самае, што напісаў Мілане Харытонавай берасцейскі ідэолаг.

«У Воршы i Рэчыцы былі падставы для забароны, затое берасцейскія ідэолагі маюць асаблівае меркаванне. Выглядае, што на словах улада не падтрымлівае ДНР і ЛНР, а на справе «няма важкіх падстаў для забароны». Затое лёгка «не пущают» Вайцюшкевiча, Вольскага ды іншых дзеячаў культуры, чыя погляды не супадаюць з афiцыйнымi». – пракаментаваў «Белсату» афіцыйны адказ спадар Савейка.

«Выказванні і дзеянні Каліны недапушчальныя і гэта паказчык яго стаўлення да беларускага народа і непавага да сваіх слухачоў і тых людзей якія слухаюць яго песні. А тое што Каліна выступаў перад забойцамі грамадзянаў Украіны ў так званых ДНР ды ЛНР наводзіць на думкі, што ён сюды прыязджае дзеля таго, каб настроіць жыхароў Беларусі супраць Украіны. З боку нашай улады дазваляць гэтаму псеўдаспеваку выступаць у Беларусі – гэта знак нянавісці і непавагі да грамадзянаў Беларусі падтрыманне баевікоў ва Украіне, што наводзіць на думку што калі ў нашай краіне з’явіцца такія «вызваленцы», дык наша ўлада будзе сустракаць іх з хлебам, соллю ды чакушкаю». – кажа берасцейская актывістка Наталля Папкова.

 

CА, belsat.eu

Стужка навінаў