Улады Берасця і Гомля забаранілі прадпрымальнікам правесці мітынгі


Сход прадпрымальнікаў у Берасці

Забарону на правядзення мітынгу ў берасцейскім парку воінаў-інтэрнацыяналістаў 19-га лютага падпісаў намеснік старшыні Берасцейскага гарвыканкаму Генадзь Барысюк. Сам чыноўнік адмовіўся сустрэцца з прадстаўніком прадпрымальнікаў, каб растлумачыць матывы такога рашэння.

«4-га лютага мы падалі заяўку на правядзенне мітынгу 19-га лютага ў Берасцейскі гарадскі выканаўчы камітэт, дзе мне сказалі, што неабходна мець дамову з медыкамі, камунальнікамі і міліцыяй на іхныя паслугі падчас правядзення мітынгу. Але ў міліцыі мне паведамілі, што дамова з імі складаецца толькі тады, калі ў нас ёсць дазвол Берасцейскага гарвыканкаму на правядзенне мітынгу. У выніку Берасцейскі гарвыканкам забараняе правядзенне мітынгу, бо ў нас няма дамовы з міліцыяй, медыкамі і камунальнікамі. Я паспрабаваў патрапіць на прыём да намесніка старшыні Берасцейскага гарвыканкаму Генадзя Барысюка, але, калі ён даведаўся пра што будзе ісці гаворка на сустрэчы, размаўляць са мной адмовіўся. Я запісаўся на 9-га сакавіка на прыём да старшыні гарвыканкаму, запрашаю на яе і незалежную прэсу», – распавёў Belsat.eu адзін з лідараў берасцейскіх прадпрымальнікаў Андрэй Карняйчук.

Тым не менш берасцейскія прадпрымальнікі збіраюцца правесці сход 17-га лютага на рынку за ЦУМам, каб вырашыць, што рабіць далей.Тым часам забарону на правядзення мітынгу 22-га лютага атрымалі прадпрымальнікі Гомля.

У Менску прадпрымальнікі правялі 15-га лютага несанкцыяваны мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Акцыя абышлася без затрыманняў.

Прадпрымальнікі дамагаюцца скасавання ўказаў № 222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі», які ўступіў у сілу 1 студзеня 2016 года, і № 48 «Аб мерах па забеспячэнню дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў». Гэтыя дакументы, як сцвярджаюць бізнесоўцы, паралізавалі іх працу. Улады на саступкі пакуль не ідуць.

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава (фота), belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары