Улады Беларусі зачынілі адзін з найбольш папулярных беларускіх сайтаў – Onliner.by


На сайце аператыўна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі з’явілася паведамленне, што сайт Onliner.by пазбаўлены адпаведнага даменнага імя і выключаны з рэестру нацыянальнай даменнай зоны.

Асноўная прычына закрыцця ─ выяўленыя Міністэрствам гандлю парушэнні сайтам заканадаўства аб гандлі, у тым ліку праз няправільны продаж тавараў з дапамогай інтэрнэту, паведамляе Marketing.by.

Па стане на 19.00 Onliner.by не працаваў.

19 снежня Міністэрства гандлю заявіла, што мае намер прымаць «усе неабходныя меры, аж да закрыцця і прыпынення работы аб’ектаў інтэрнэт-гандлю ў выпадку парушэння імі ўстаноўленых правілаў і заканадаўства». Папярэджанне тычылася перадусім інтэрнэт-крамаў, якія ўказвалі кошты ў валюце альбо ва ўмоўных адзінках.

Яшчэ ў кастрычніку прадстаўніца Міністэрства гандлю Ірына Барышнікава на канферэнцыі «Дзелавы інтэрнэт» паведаміла, што падчас праверкі дзясятка інтэрнэт-крам, размешчаных на Onliner.by, былі выяўлены парушэнні. У прыватнасці, кошты там былі пазначаныя ў замежных валютах, падае euroradio.fm.

Чыноўніца папярэджвала: калі сайт не адрэагуе на гэтыя заўвагі, Міністэрства гандлю мела звярнуцца ў Міністэрства сувязі, каб сайт пазбавілі ліцэнзіі.

Галоўны рэдактар Onliner.by Дзяніс Блішч у сваім «Тўітары» напісаў, што пакуль не можа даць ніякіх каментароў наконт дадзенай сітуацыі.

У сеціве з’явілася інфармацыя, што Onliner.by спрабуе пераехаць на даменнае імя Online.by.

Onliner.by – беларускі ўэб-сайт аб лічбавай тэхніцы, аўтах і нерухомасці, які змяшчае тэматычныя публікацыі, а таксама каталог тэхнікі з дадзенымі аб коштах і прадаўцах. Паводле рэйтынгу кампаніі «Alexa», Onliner.by уваходзіць у лік найбольш наведвальных сайтаў Беларусі.

На Onliner.by таксама дзеяў найбольш папулярны беларускі форум.

МЯ, belsat.eu, паводле marketing.by

Стужка навінаў