На адкрыцці міжнароднага форуму прадпрымальніцтва ў Менску міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі паведаміў, што ў Беларусі адмовяцца ад палітыкі захавання працоўных месцаў.
На змену захаванню месцаў прыйдзе павышэнне аддачы ад кожнага працаўніка, інфармуе telegraf.by.
«Першы сярод пяці прыярытэтаў у эканоміцы – эфектыўная занятасць. Пераход ад палітыкі захавання працоўных месцаў да палітыкі максімальна эфектыўнай занятасці», – цытуе Зіноўскага sputnik.by.
Асаблівую ўвагу ўлады нададуць інвестыцыям і павышэнню прадукцыйнасці працы. Акрамя гэтага яны будуць імкнуцца павялічыць канкурэнтаздольнасць эканомікі, забяспечыць грамадзянам сацыяльную справядлівасць і эканамічную незалежнасць.
Таксама Уладзімір Зіноўскі адзначыў, што дзяржава створыць спрыяльныя ўмовы для развіцця бізнесу. З гэтай мэтай у Беларусі цягам пяці гадоў не будуць уводзіць новыя падаткі і павышаць старыя.
МЯ, паводле telegraf.by, sputnik.by